Беларускі «юнікорн» Flo прыцягнуў інвестыцыі Google
- 16.10.2026, 13:10
Кампанія будзе ствараць разам з ІТ-гігантам прадукты для жанчын.
Чацвёртая ў свеце па маштабах кампанія Alphabet і яе падраздзяленне Google Health інвеставалі ў кампанію, створаную беларусамі, — у Flo Health Inc.
Пра гэта паведаміла Flo ў LinkedIn.
«У межах партнёрства Google Health стратэгічна праінвеставала ў Flo. Гэта прызнанне жыццёва важнага значэння жаночага здароўя і неабходнасці стварэння спецыялізаваных інструментаў і рашэнняў, якія маглі б лепш яго падтрымліваць», — гаворыцца ў паведамленні.
Аб'ём інвестыцый і ўмовы іх прыцягнення не раскрываюцца, акрамя фармулёўкі, што «Flo і Google аб’ядноўваюць намаганні для доўгатэрміновага партнёрства». Але гэтая здзелка становіцца ў адзін рад з тымі, якія ў 2010-х правялі з беларускімі стартапамі гіганты кшталту Facebook, Mail.Ru Group, Pinterest.
Сам Google ужо мае досвед інвеставання ў праекты беларусаў.
У 2017 годзе фонд Haxus, саўзаснавальнікам якога быў цяперашні суўладальнік Flo Юрый Гурскі, прадаў гіганту кампанію AIMatter. І разам з ёй нейрасеткавае прыкладанне для змены фону на фота Fabby.
У чым будзе заключацца супрацоўніцтва Flo і Google?
У рэлізе падрабязна апісваюцца перспектывы.
У прыватнасці, пачынаючы з наступнага года, жанчыны, якія вырашаць звязаць Flo і Google Health, змогуць перадаваць сігналы Fitbit (сон, частата сардэчных скарачэнняў, варыябельнасць сардэчнага рытму, тэмпература скуры, частата дыхання) у Flo для больш дакладнага прагназавання цыклу і аналізу сімптомаў. Інфармацыя, атрыманая ад Flo, таксама можа выкарыстоўвацца ў Google Health для коучынгу, адлюстроўваючы бягучы этап цыклу і жыццёвыя абставіны жанчыны.
Flo ў цэлым стане галоўным партнёрам Google Health па пытаннях жаночага здароўя і будзе сумесна ствараць новыя прадукты для жанчын.
Да здзелкі з Google найбуйнейшым інвестарам у Flo быў інвестфонд General Atlantic. У 2024 годзе з яго ўдзелам распрацоўшчык прыцягнуў 200 млн долараў і дасягнуў капіталізацыі больш за 1 млрд долараў.
Такім чынам, стартап Flo Health стаў чарговым праектам беларусаў, які атрымаў статус «юнікорна». Кіраўніцтва General Atlantic ставіла мэту вывесці Flo Health на біржу пры ацэнцы не менш як 5 млрд долараў.