Пасля правалу Лукашэнка рухаецца ад сацыялізму да феадалізму
4- 16.10.2026, 14:02
- 2,176
Дыктатар просіць прыватнікаў выратаваць тое, што сам разваліў.
Падчас працоўнай паездкі ў Верхнядзвінскі раён кіраўнік дзяржавы заявіў, што «сельскую гаспадарку мы ў цэлым выратавалі, але трэба рухацца далей». Запэўніў, што беларусы атрымліваюць сярэдні заробак у $1000, хоць калісьці ён абяцаў «па пяцьсот».
І тут жа, насуперак уласным сцвярджэнням пра «паспяховы поспех», настойліва прапанаваў бізнесмену Мікалаю Вараб’ю ўзяць частку земляў Верхнядзвінскага раёна, паабяцаўшы дзяржаўную падтрымку. А да таго, нагадаем, бізнесмену Яўгену Баскіну быў перададзены пад кіраванне ўвесь аграпрамысловы комплекс Дубровенскага раёна, у малочную імперыю Аляксандра Мошэнскага увайшоў Полацкі малочны камбінат…
Ужо колькі гадоў, як сам Лукашэнка прызнае, што прыватнікі ў сельскай гаспадарцы больш паспяховыя, чым дзяржпрадпрыемствы, і бядуе, дзе б узяць 5 тысяч фермераў Маліноўскіх.
Ці ўдасца кіраўніку дзяржавы захаваць і выратаваць Віцебшчыну ад вынікаў уласнага «мудрага» кіраўніцтва або ўсё пойдзе па накатанай каляіне: разнос чыноўнікаў, адстаўка чарговага міністра і новыя ўліванні ў стратныя прадпрыемствы?
Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі у размове з «Філінам» нагадвае: акрамя Вараб’я, перадачы Полацкага малочнага камбіната, продажу за 10 базавых велічынь (!) 10 прадпрыемстваў Дубровенскага раёна групе кампаній «Сервалюкс», былі і іншыя спробы прыстроіць віцебскія землі ў добрыя рукі.
— Да гэтага мы чулі, як Лукашэнка планаваў раздаць Віцебскую вобласць спачатку аманскім шэйхам — але нешта тыя не захацелі, — узгадвае наш суразмоўца леташнія бізнес-ідэі кіраўніка. — А зусім нядаўна была гісторыя з узбекістанскімі бізнесменамі. Скандальнае прыцягненне працоўных мігрантаў з Узбекістана, якім не заплацілі тое, што абяцалі, — гэта ж была частка больш шырокага плана, каб узбекістанскія бізнесмены прыйшлі на Віцебшчыну са сваімі інвестыцыямі, нешта рабілі і развівалі.
«Раздачу» па частках Віцебскай вобласці эксперт параўноўвае з эпохай ранняга феадалізму, калі кароль раздаваў землі — лены, або феоды, сваім васалам у абмен на лаяльнасць і вернасць:
— Усё гэта, вядома, — прызнанне поўнага правалу палітыкі Лукашэнкі.
Чалавек 30 гадоў расказваў пра тое, як добра, калі дзяржава ўсім кіруе: цэнтралізацыя, больш дзяржаўнага кантролю, я ўсё рэгулюю… Давёў усё да ручкі, да катастрафічнага стану проста. І прыбег да прыватнага бізнесу: давайце, вы выратуеце тое, што я за 30 гадоў разваліў.
Пры гэтым ён кажа: маўляў, Віцебская вобласць у такім дрэнным становішчы, бо там крытычныя ўмовы для вядзення земляробства. З чаго раптам? Так, яны горшыя, чым умовы ў Польшчы або ва Украіне, — але не горшыя, чым у Літве, прынамсі. А ўраджайнасць катастрафічна адрозніваецца.
Сапраўды, менавіта ён загнаў вобласць у вялікія даўгі. Віцебшчыне не пашанцавала: на яе тэрыторыі шмат лясоў, — а Лукашэнка калісьці даўно вырашыў, што ў Беларусі трэба развіваць дрэваапрацоўку, і каб выконваць гэтую праграму, у рэгіёне набралі крэдытаў і назапасілі даўгоў. Цяпер мы бачым прамы вынік гэтых праграм мадэрнізацыі і «развіцця»: вобласць апынулася ў плачэўным стане.
Сітуацыя сапраўды катастрафічная. Увогуле ў Беларусі насельніцтва змяншаецца, але ў Віцебскай вобласці дэпапуляцыя ідзе ўдвая хутчэй, чым у сярэднім па краіне. Сельскае насельніцтва, у прыватнасці, за 30 гадоў скарацілася ўдвая.
Цяпер Лукашэнка і сам прызнае, што на Віцебшчыне крытычнае становішча, кажа, які там кашмар і жах. І шукае спосаб, каб хтосьці іншы выправіў яго «касякі».
— То-бок, дзяржаўных грошай сельгаспрадпрыемствам больш не дадуць?
— Ідэя, думаю, у тым, каб яны кіравалі гэтымі тэрыторыямі і самі іх утрымлівалі. Лукашэнка кажа, што пасля 2030 года «грошай не будзе». Але ўсё гэта, вядома, лухта: калі ўсё гэта дажыве да 2030 года, у чым я моцна сумняваюся, — будуць гэтыя бюджэтныя ўліванні.
Бо нельга змяніць сістэму кіравання ў адной асобна ўзятай вобласці — каб Віцебшчына была феадальнай, а ўсе астатнія — сацыялістычнымі. Так не бывае.
— Гэта ж ужо не толькі на Віцебшчыне — у Баранавічах нядаўна адрамантавалі частку вуліцы за кошт «Савушкіна». Другая частка, дзяржаўная, засталася разбітай…
— Бо выбудаваная Лукашэнкам адміністрацыйная сістэма не спраўляецца. «Перадавыя» савецкія кіраўніцкія тэхналогіі, як высветлілася, не працуюць. І за 30 гадоў прывялі да такога цалкам заканамернага фіналу.
Горш за ўсё — у Віцебскай вобласці, таму мы і назіраем столькі прыкладаў, калі ён шукае, хто можа яе «выратаваць». Але ў Беларусі не так шмат багатых бізнесменаў, каб яны ўзялі ўсю краіну на сябе.
Дык што раздача земляў не дапаможа. Свет рухаецца ад капіталізму да постіндустрыяльнага інфармацыйнага грамадства, а Лукашэнка — ад сацыялізму да феадалізму, увогуле ў процілеглы бок. Але не, феадалізм нават на асобна ўзятых тэрыторыях не спрацуе.