18 кастрычнiка 2026, Нядзеля, 17:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ozon, «ВКонтакте», нафтавыя тэрміналы і не толькі: атака на РФ стала найбольш маштабнай за ўсю вайну

7
Ozon, «ВКонтакте», нафтавыя тэрміналы і не толькі: атака на РФ стала найбольш маштабнай за ўсю вайну

Украіна ўстанавіла рэкорд па запуску дронаў.

Санкт-Пецярбург і Ленінградская вобласць Расіі ў ноч на 18 кастрычніка падвергліся найбольш маштабнай атацы беспілотнікаў ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання. Пра гэта піша расійскае выданне «Агентство».

Па колькасці збітых дронаў атака пабіла рэкорд чэрвеня 2026 года, адзначае выданне.

Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка у Telegram паведаміў, што ўначы над тэрыторыяй рэгіёну расійскія сілы супрацьпаветранай абароны, нібыта, збілі 145 БПЛА. Гэта на адзін больш, чым падчас самай буйной атакі да гэтага — 6 чэрвеня, у апошні дзень Пецярбургскага эканамічнага форуму.

Колькі ўсяго ляцела — не паведамляецца.

«Агентство» адзначае, што пералік аб'ектаў, якія пацярпелі ад удараў, таксама істотна пашырыўся. Раней асноўнымі мэтамі нападаў былі нафтавыя тэрміналы, парты і ваенныя аб'екты, а цяпер пашкоджанні атрымалі таксама дата-цэнтр «ВКонтакте», склад Ozon, жылыя дамы, дзясяткі аўтамабіляў і аўтамабільны мост.

У выніку атакі адзін чалавек загінуў, ёсць пацярпелыя. Каля 20 тыс. жыхароў засталіся без электраэнергіі.

У Санкт-Пецярбургу, паводле слоў губернатара горада Аляксандра Бяглова, пажары ўспыхнулі на тэрыторыі Пецярбургскага нафтавага тэрмінала, нафтабазы «Руч'і» і прамысловых складаў у Калпінскім раёне.

У горадзе была атакаваная электрападстанцыя «Усходняя», з-за чаго адбыўся частковы блэкаўт.

Пад атаку БПЛА трапіў адзін з лагістычных цэнтраў Ozon у Санкт-Пецярбургу, паведаміла кампанія. Адбылося ўзгаранне, а «лагістычныя маршруты з пацярпелага аб'екта пераразмяркоўваюцца паміж іншымі лагістычнымі цэнтрамі».

«Агентство» адзначае, што склады маркетплейсаў украінскія беспілотнікі не атакавалі з 15 верасня, калі быў нанесены ўдар па лагістычным цэнтру Ozon у Таганрогу.

Усяго за ноч, паводле паведамлення Мінабароны Расіі, над 15 рэгіёнамі краіны, Крымам і Чорным морам, нібыта, было збіта 1015 беспілотнікаў. З іх 512 ляцелі ў бок Масквы, паведаміў мэр Сяргей Сабянін. Паводле яго слоў, на падлёце да сталіцы было збіта 127 дронаў.

На фоне атакі былі закрытыя аэрапорты Дамадзедава, Внукава і Пулкава.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲