Фінальнае папярэджанне для Расіі
- Ніна Хрушчова
- 19.10.2026, 7:30
- 3,164
Крамлю знаёмыя ўварванні, рэвалюцыі, унутраны хаос.
Па рашэнні суда ў Маскве палітолага Аляксандра Кынева адправілі ў СІЗА за «незаконную вытворчасць, збыт або перасылку наркотыкаў у буйным памеры». Такое абвінавачанне пагражае яму зняволеннем тэрмінам ад 10 да 20 гадоў. Пры гэтым ніякіх доказаў сувязі Кынева з незаконнымі наркотыкамі абнародавана не было.
Кынеў, вядучы эксперт па палітычных працэсах і выбарчых сістэмах у рэгіёнах, даўно асвятляе выпадкі фальсіфікацыі выбараў у Расіі, хоць ён адкрыта падтрымлівае партыю «Новыя людзі», што з’явілася ў 2020 годзе як крэмлёўскі праект для «пратэсных галасоў», асабліва маладзёвых. Раней ён працаваў у незалежнай арганізацыі назірання за выбарамі «Голас», абвешчанай «замежным агентам», а летась закрытай пад ціскам Крамля.
У верасні Кынеў (ён таксама абвешчаны «замежным агентам») публічна раскрытыкаваў толькі што адбылыяся выбары ў Дзярждуму, на якіх кіроўная партыя «Адзіная Расія» атрымала беспрэцэдэнтныя (і абсалютна неверагодныя) 349 месцаў з 450. Праз некалькі дзён яго арыштавалі і, як паведамляецца, так моцна збілі ў СІЗА, што ён трапіў у турэмную бальніцу з пераломам галёнкавай косткі.
Няма нічога новага ў арышце крытыка Крамля па сфабрыкаваных абвінавачаннях. Але Кынеў — не тыповы праціўнік рэжыму: яго аналітыку даўно лічаць аўтарытэтным бараметрам грамадскіх настрояў. Крыніцы паведамляюць, што арышт здзівіў некаторых ключавых супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Для іх Кынеў хоць і быў крытыкам, але карысным — ён даваў нейкае ўяўленне пра тое, што насамрэч адбываецца дзесьці ў Цверы або Томску. Спроба заткнуць яму рот — гэта ўсё адно што разбіць тэрмометр, бо не падабаецца высокая тэмпература.
Сутнасць работы расійскіх апаратчыкаў даўно зводзіцца да таго, каб адгароджваць Пуціна ад усяго, што лічыцца ніжэй за ягоны ўзровень. Ён хоча думаць пра НАТА, Украіну і сваё месца ў гісторыі, а не пра выбоіны на дарогах, рэгіянальныя бюджэты і рэгіянальныя выбары. Каб яму дагадзіць, бюракраты ствараюць фэйкавую рэчаіснасць. Вынікам стала «палітыка ў прабірцы»: Пуцін фактычна кіруе краінай са шклянога слоіка, у якім Расія згуртавалася дзеля перамогі ў ўкраінскай вайне, на эканоміку не ўплываюць санкцыі, а кожныя выбары пацвярджаюць падтрымку статус-кво.
Але паза межамі гэтага слоіка ў эканоміцы сур’ёзныя цяжкасці. Тэмпы росту рэзка запаволіліся, бізнесу цяжка выйсці ў прыбытак, высокі кошт запазычанняў. Усё большая доля сацыяльных выдаткаў ідзе на бонусныя выплаты новым кантрактнікам і кампенсацыі сем’ям загінулых. У рэгіянальных бюджэтах растуць дзіркі. Трубы і цеплаэлектрастанцыі савецкіх часоў развальваюцца.
Невядома, што менавіта з гэтага рэальнага свету (калі наогул нешта) даходзіць да Пуціна. Затое вядома, што практычна ўсе інстытуты, праз якія рэальнасць калісьці даходзіла да Крамля, падаўленыя або ліквідаваныя. Выбары ператварыліся ў фарс. Суды страцілі нават уяўную незалежнасць. Незалежным СМІ заткнулі рот. Нават тых крытыкаў, якіх раней цярпелі, цяпер саджаюць у турму і збіваюць.
Параўнанні з 1930-мі ўжо не перабольшанне. Аналітык у гіпсе (праз некалькі дзён пасля таго, як ён раскрытыкаваў выбары) — гэта справа рук жорсткай паліцэйскай дзяржавы. Пытанне ў тым, ці можа хто-небудзь яе спыніць — і ці магчыма гэта.
Мінулыя перыяды тэрору ў Расіі, якім бы жорсткім ён ні быў, заканчваліся рэзкім тармажэннем. У XVI стагоддзі Іван Жахлівы дазваляў сваёй прыватнай арміі — апрычніне — спусташаць краіну цягам сямі гадоў, але потым зразумеў, што яна мала чаго дасягнула, таму ён яе скасаваў, а многіх з яе лідараў пакараў смерцю. Сталін спыніў Вялікі тэрор праз два з лішнім гады пасля яго пачатку, звольніўшы кіраўніка Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКВД) Мікалая Яжова (пазней ён загадаў яго расстраляць).
Гэта не былі рашэнні, прынятыя з міласэрнасці. Лідары краіны прыходзілі да разумення, што нестрымны тэрор з часам пачынае з’ядаць сваіх жа кіраўнікоў. Але, знаходзячыся ўнутры свайго шклянага слоіка, Пуцін гэтага не бачыць. І ён не можа цалкам кантраляваць дзяржапарат, які ажыццяўляе гэты тэрор. Апрычнікі Івана Жахлівага былі інструментам дзяржавы, а сёння сама дзяржава паводзіць сябе як апрычніна.
Така́я сістэма не здольная сама сябе дэмантаваць. Наадварот, яна выкарыстоўвае ўсе рэсурсы і магчымасці, каб умацоўвацца. Як і пры Сталіне, найлепшыя інжынеры і найдэфіцытныя матэрыялы сёння накіроўваюцца на вайну ва Украіне, а навука выжывае толькі тады, калі служыць фронту. Замежныя кампаніі таксама плацяць: тыя, хто хоча сысці з Расіі, абавязаныя прадаць свае актывы з велізарнай зніжкай і зрабіць «дабраахвотны ўнёсак» у дзяржбюджэт; у іншых — уводзяць «часовае кіраванне», што дазваляе іх ціхенька раскрадаць.
Ужо некалькі месяцаў, як Міністэрства юстыцыі Расіі адрыло анлайн-выставу пад назвай «Абарона суверэнітэту Расійскай дзяржавы: гісторыя і сучаснасць». Адлік падзей пачынаецца з перыяду Смуты (1598–1613 гады), калі ў Расіі адбыўся востры крызіс пераемнасці трона: шматлікія узурпатары і самазванцы, уключна з польскімі інтэрвентамі, прэтэндавалі на тытул цара. Для сучаснай Расіі — гэта фінальнае папярэджанне: расколатыя эліты плюс замежнае ўмяшанне роўна катастрофа. Рэпрэсіі прызваны прадухіліць такі вынік.
Аднак пасля бурлівага перыяду Смуты з’явілася новая дынастыя, і тры стагоддзі краінай кіравала дынастыя Раманавых, пры якіх Расія паступова разварочвалася на Захад. Сёння, калі расійская дзяржава робіць усё, што ў яе сілах, каб прадухіліць уласны крах, яна перашкаджае такому абнаўленню, паступова знішчаючы патэнцыял для дынамічнага развіцця. Напрыклад, дзяржава арыентуе моладзь на прафесійна-тэхнічную падрыхтоўку, а не на тыя віды адукацыі, што падрыхтавалі б яе да поспехаў у сферы высокіх тэхналогій. Гэта не тая краіна, якая рыхтуецца да будучыні. І, як паказвае прыклад КНДР, акаменелая дзяржава можа трымацца дзесяцігоддзямі.
Расіі знаёмыя ўварванні, рэвалюцыі, унутраны хаос. У яе былі бязлітасныя кіраўнікі, схільныя да жорсткіх рэпрэсій і якія ўчапляліся за ўладу. Але заўсёды было агульнае адчуванне, што Расія рухаецца кудысьці, што ўся гэтая жорсткасць служыць нейкай мэце, нават калі ўжываныя сродкі немагчыма было апраўдаць. Сталінскі тэрор суправаджаўся будаўніцтвам заводаў і плацін, а таксама канцэпцыяй будучыні. І ў гэтым сэнсе сённяшні тэрор унікальны ў расійскай гісторыі: яго адзіная мэта — захаваць дзяржаву, якая яго ажыццяўляе.
Ніна Хрушчова, New Voice