19 кастрычнiка 2026, панядзелак, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

11 беларускіх каратыстаў затрымалі ў Польшчы падчас чэмпіянату свету

11 беларускіх каратыстаў затрымалі ў Польшчы падчас чэмпіянату свету
Фота: cottonbro studio / Pexels.com

Ім далі восем дзён на выезд.

У польскім горадзе Бельска-Бяла затрымалі 11 беларусаў і чатырох расіян, якія, меркавана, збіраліся ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету па каратэ.

Паводле даных польскіх памежнікаў, спартсмены ўехалі ў краіну па турысцкіх візах, што не адпавядала заяўленай мэце іх знаходжання. Цяпер яны павінны пакінуць Польшчу на працягу васьмі дзён, піша Most.

Чэмпіянат свету па каратэ сярод кадэтаў, юніёраў і моладзі да 21 года праходзіў у Бельска-Бяле з 14 па 18 кастрычніка.

Як распавёў прэзідэнт Польскага саюза каратэ Павел Полтаржэцкі, арганізатары загадзя атрымлівалі інфармацыю пра тое, што спартсмены з Беларусі і Расіі паспрабуюць патрапіць на спаборніцтвы, нягледзячы на абмежаванні Сусветнай федэрацыі каратэ і Міністэрства спорту. Мяркавалася, што яны разлічваюць на ўключэнне ў спіс удзельнікаў ужо пасля прыезду ў Польшчу. Словы Полтаржэцкага цытуе Beskidzka24.

Першым сігналам стала з'яўленне расіяніна на курсах для суддзяў. Тады адбылося першае затрыманне. Пазней арганізатары звярнуліся да польскіх памежнікаў з просьбай праверыць спартсменаў.

Як паведаміў прэс-сакратар Сілезскага аддзялення Памежнай службы Польшчы Шымон Мосціцкі, праверку правялі ў выхадныя, 17 і 18 кастрычніка. Памежнікі ўстанавілі, што 11 грамадзян Беларусі і чацвёра расіян уехалі ў краіну па турысцкіх візах, якія не адпавядалі заяўленай мэце знаходжання.

Усіх 15 спартсменаў затрымалі. Пасля праверкі начальнік памежнага падраздзялення ў Бельска-Бяле выдаў ім рашэнні, што абавязваюць пакінуць Польшчу на працягу васьмі дзён. Паводле слоў Мосціцкага, гэта мінімальна магчымы тэрмін.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲