Уіткоф паедзе ў Осла пасля сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу
- 21.10.2026, 12:12
- 1,732
У Нарвегіі чакаюць падрабязнасцей гэтай размовы.
Пасля сустрэчы з кіраўніком Крэмля ў Пецярбургу амерыканскі пасланнік Стыў Уіткоф зноў мусіць прыехаць у Осла. Там яго ўжо чакаюць, каб з першых вуснаў пачуць падрабязнасці гэтай размовы.
Пра гэта паведамляе нарвежскае выданне iNyheter.
Спецпасланнік ЗША Стыў Уіткоф пасля сустрэчы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным паедзе ў Осла. У Нарвегіі чакаюць падрабязнасцей гэтай размовы.
Напярэдадні, 20 кастрычніка, Уіткоф разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім быў у Осла на перамовах па вайне ва Украіне. Яны праходзілі ва ўрадавай рэзідэнцыі. Таксама там былі прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Стёрэ і прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб.
Паводле дадзеных NRK, Зяленскі папрасіў Нарвегію і Фінляндыю арганізаваць гэтую сустрэчу. Іншы спецпасланнік ЗША Джарэд Кушнер удзельнічаў дыстанцыйна.
Мэта сустрэчы — скласці мірную прапанову, якую перададуць Расіі. Паводле амерыканскага выдання Axios, да размовы маглі далучыцца прадстаўнікі некалькіх еўрапейскіх краін, ЕС і НАТА.
«Мы хочам працаваць над тым, каб гэтая вайна магла скончыцца дыпламатычным шляхам. Каб мог быць працяглы і справядлівы мір», — сказаў прэм’ер-міністр Нарвегіі.
Ён падкрэсліў, што важна высветліць, які мандат прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даў Уіткофу і Кушнеру.