Беларус прадае ўнікальную марку
1- 21.10.2026, 14:09
- 1,248
Яна з XIX стагоддзя.
На Av.by апублікавалі аб'яву пра продаж першай паштовай маркі Расійскай імперыі. Жыхар Гродна просіць за яе 1400 рублёў, піша blizko.by.
Калекцыянер сцвярджае, што гэта «легендарны і надзвычай каштоўны філатэлістычны аб'ект». Марку ўвялі ў зварот цыркулярам Паштовага дэпартамента Расійскай імперыі ад 10 (22-га паводле новага стылю) снежня 1857 года. У тым жа месяцы паштовыя маркі паступілі ў продаж і пачалі выкарыстоўвацца ў некаторых губернях. Афіцыйнае ўсеагульнае выкарыстанне марак на ўсёй тэрыторыі імперыі, апрача Каўказа, Закаўказзя і Сібіры, пачалося 1 (13) студзеня 1858 года.
Кропкавы штэмпель №240 паказвае, што марку пагасілі на паштовай станцыі Паланген (цяпер горад Паланга, Літва), якая тады ўваходзіла ў склад Курляндскай губерні Расійскай імперыі.
На адваротным баку маркі знаходзіцца экспертны штамп PFENNINGER ад імя Франца Пфенінгера, знакамітага нямецкага эксперта ў галіне філатэліі, — вадзяны знак у выглядзе лічбы 1.
У якасці бонуса аўтар аб'явы прапануе некалькі расійскіх юбілейных марак.
Першыя ў свеце маркі з'явіліся ў 1830-я гады. У Расійскай імперыі іх афіцыйна пачалі выкарыстоўваць толькі ў 1858 годзе. Паколькі Беларусь тады ўваходзіла ў склад гэтай дзяржавы, першую паштовую марку Расійскай імперыі можна назваць дэбютнай і на яе тэрыторыі.