Зяленскі раскрыў дэталі размовы лідараў Нарвегіі і Фінляндыі з Пуціным
- 27.10.2026, 15:02
- 2,784
Крамлю былі пастаўленыя дакладныя ўмовы.
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Стёрэ абмеркавалі з расійскім дыктатарам дэскалацыйныя крокі ў сферы энергетыкі і інфраструктуры Украіны.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
«Алекс і Ёнас выразна сказалі расійскаму кіраўніку пра тое, што патрэбныя рэальныя дэскалацыйныя крокі адносна нашай энергетыкі і інфраструктуры», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Украіны дадаў, што абмеркаваў з еўрапейцамі падрыхтоўку трохбаковой сустрэчы, запланаванай на лістапад на ўзроўні каманд Украіны, ЗША і краіны-агрэсара.
«Фінляндыя і Нарвегія, як краіны, якія мяжуюць з Расіяй, маюць асаблівую зацікаўленасць у правільных і надзейных рашэннях бяспекі», — падкрэсліў Зяленскі.
Паводле яго слоў, абмяркоўваліся таксама розныя фарматы ўзаемадзеяння Украіны з еўрапейскімі партнёрамі, якія могуць быць карыснымі «для далейшай падтрымкі дыпламатыі, абароны і супольнай бяспекі».
Нагадаем, 27 кастрычніка Стуб і Стёрэ правялі тэлефонную размову з расійскім дыктатарам. Бакі абмеркавалі вайну супраць Украіны і магчымыя шляхі яе завяршэння.
Перад размовай лідары Фінляндыі і Нарвегіі пракансультаваліся з Кіевам, каб данесці пазіцыю Украіны напярэдадні мірных перамоваў у Абу-Дабі.