Лукашэнка прапанаваў вярнуць савецкую сістэму паставак у рэгіёны Расіі
12- 27.10.2026, 19:02
- 1,826
Пры гэтым ён прызнаў, што забяспечыць Маскву рэжым наўрад ці зможа.
Дыктатар Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вярнуцца да савецкай практыкі, пры якой рэспубліка адказвала за пастаўкі тавараў у асобныя расійскія рэгіёны, у тым ліку Санкт-Пецярбург, Калінінградскую і Маскоўскую вобласці. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым, перадае прэс-служба дыктатара.
«Адказнасць была ў тым, што ўсё, чаго не было ў Ленінградзе і вобласці, асабліва ў Калінінградзе, мы абавязаны былі вырабіць і паставіць», — адзначыў Лукашэнка (цытата паводле БелТА).
Ён адзначыў, што цяпер рэжым наўрад ці зможа забяспечыць Маскву з-за маштабаў горада, але заклікаў развіваць супрацоўніцтва перш за ўсё з Пецярбургам і Ленінградскай вобласцю. «Масква вялізная, асабліва цяпер, лічу, што мы наўрад ці справімся з такім гіганцкім аб'ёмам. Але супрацоўнічаць нам перш за ўсё трэба з гэтымі рэгіёнамі», — сказаў ён.
Працягваючы, Лукашэнка таксама заявіў, што Мінск выканае ўсе абяцанні па супрацоўніцтве з Санкт-Пецярбургам, у тым ліку ў сферы машынабудавання, рамонту ліфтаў і паставак харчовых прадуктаў. «Усё, што патрэбна Ленінграду, і што мы можам, мы павінны гэта рабіць», — адзначыў ён.