Беларускага хакеіста выклікалі ў асноўны склад «Нэшвіла»
- 5.10.2026, 10:35
Фота: sport5.by
Віталь Пінчук можа дэбютаваць у НХЛ ужо ў найбліжэйшых матчах.
«Нэшвіл Предаторз» абвясціў аб выкліку беларускага нападніка Віталя Пінчука з «Мілуокі Адміралс» (АХЛ).
Аб гэтым паведаміў прэзідэнт па хакейных аперацыях і генеральны менеджар Крыс Макфарланд.
Акрамя таго, клуб адправіў брамніка Мэта Мюрэя у «Мілуокі».
Нагадаем, што ў матчы рэгулярнага сезона АХЛ «Рокфард Айсхогс» на хатнім лёдзе саступіў «Мілуокі Адміралс» з лікам 1:3. Пінчук гуляў у цэнтры першага звяна. У выніку ён не адзначыўся выніковымі дзеяннямі, нанёс 2 кідкі і зарабіў паказчык карыснасці «+1». Гэта быў дэбютны матч для Пінчука ў АХЛ. Раней ён паведамляў, што пасля гэтай гульні яго павінны былі выклікаць у НХЛ.
Пінчук, 24 гады, у сезоне-2025/26 выступаў за мінскае «Дынама» ў КХЛ: 65 матчаў, 31 гол і 35 перадач (66 ачкоў). Ён заняў трэцяе месца ў КХЛ па галах і шостае па ачках, а таксама стаў адным з дзесяці ігракоў лігі, якія ў сярэднім набіралі адно ачко за матч.
«Нэшвіл» правядзе найбліжэйшыя матчы на выездзе: 7 кастрычніка — супраць «Таронта» (02:00 па беларускім часе), 9 кастрычніка — супраць «Манрэаля» (02:00), 11 кастрычніка — супраць «Атавы» (02:00).