«Сказалі, з-за майго TikTok яму міністр ноччу тэлефанаваў»
1- 6.10.2026, 8:57
- 2,202
Беларуска, што з'ехала ў Літву, падзялілася сваёй гісторыяй.
У верасні гэтага года 37‑гадовая Анастасія прыняла для сябе паваротнае рашэнне: узяла дзяцей, сабрала рэчы і пераехала з Брэста ў Літву. Прычына — званок з мясцовага аддзялення міліцыі з просьбай прыйсці. Рэакцыя можа падацца занадта рэзкай, але сама жанчына з гэтым не згодная: год таму яе ўжо судзілі па адміністрацыйнай справе за «экстрэмізм». Наслухаўшыся пагрозаў сілавікоў тады, паўтараць гэты досвед яна не захацела. Анастасія расказала «Зеркалу» пра тое, як цяпер паводзяць сябе сілавікі і за што могуць затрымаць.

«Табе дзяцей не шкада? Яны цяпер у дзіцячы дом, а ты ў турму»
Знаходзячыся ў Беларусі, Анастасія разумела, што адбываецца ў краіне. Падзеі 2020-га назірала ўласнымі вачыма: у пратэстах не ўдзельнічала (была цяжарная малодшым дзіцем), але валанцерыла каля Акрэсціна і бачыла, у якім стане адтуль выходзілі людзі.
Калі пратэсты сціхлі, беларуска працягнула жыць сваім жыццём ужо ў Брэсце, выхоўвала дзяцей. Амаль увесь вольны час сыходзіў на іх — неўзабаве пасля нараджэння малодшага муж пайшоў з сям'і. Думкі пра палітыку адышлі на другі план, і здагадкі, што па яе могуць прыйсці, таксама не ўзнікалі. Да сакавіка 2025-га.
Праўда, спачатку цікавасць сілавікоў да Анастасіі ўвогуле не была звязаная з палітыкай. Жанчына вяла гульнявыя стрымы, і на адзін з іх зайшла беларуска з СМА і папрасіла сабраць ёй грошай «на касічкі» (гаворка пра прычоску, калі ўсе валасы заплятаюцца ў мноства дробных касічак. — Заўв. рэд.). Суразмоўніца адмовілася (усё ж такі запыт не першай неабходнасці), але вырашыла патлумачыць гледачам, што такое СМА і чаму прасіцелька не можа працаваць, параўнаўшы тую з «птушанём у яйку».
— Кажу: «Яна нічога не можа», — успамінае Анастасія. — Вось такімі словамі я сказала, і тэма закрылася. А праз нейкі час мне тэлефануюць і кажуць, што яна (гаворка пра жанчыну з СМА. — Заўв. рэд.) напісала на мяне заяву аб абразе і трэба прыйсці даць паказанні. Я ўжо тады трохі напружылася, бо ўсё гэта выглядае дзіўна. Але думаю: «Ладна». Прыйшла туды — следчы (ці хто там са мной размаўляў, яны не тлумачылі) сказаў, што складу [злачынства] ніякага няма, нічога не будзе.
І папрасіў Анастасію пакінуць тлумачэнні, каб потым адпусціць. Але пасля, успамінае жанчына, у кабінет зайшоў яшчэ адзін мужчына — і сітуацыя кардынальна змянілася.
— Пачынае мяне запалохваць: «Ты, а хто табе даў права?» Здаецца, нават абразы былі, я дакладна не памятаю, бо ў шоку сядзела. Яны ведалі, што ў мяне дзеці (ім тады было чатыры і восем) дома засталіся адны — я думала, што выйшла максімум на паўгадзіны, аддзяленне было ў суседнім двары. І ён пачаў пагражаць: «Табе дзяцей не шкада? Яны цяпер у дзіцячы дом, а ты ў турму. Усё, давайце, вымайце ў яе тэлефон, тэхніку». Нібыта мяне ўжо затрымалі і асудзілі. «Зараз мы цябе пасадзім, а там клопы», «Ты вось тут уся такая сядзіш прыгожая, а выйдзеш ужо зусім іншая», — казаў нешта ў такім духу.
У той момант, успамінае Анастасія, яна ўвогуле не разумела, што адбываецца: нібыта толькі што сказалі, што зараз адпусцяць, а ўжо нацягнулі кайданкі і павялі ў камеру ў РАУС. Колькі менавіта жанчына прасядзела там, яна дакладна не памятае. Увесь гэты час у яе выпрошвалі доступ да тэлефона.
— А я не пагаджалася, бо падпіскі розныя былі, зразумела. І я разумела, што калі дам доступ, то ўсё, мне хана. Але ў нейкі момант яны ўсё ж такі ўгаварылі мяне: «Мы цябе адпусцім, маленькі артыкул намалюем, толькі дай доступ». А я разумею, што ў мяне дзеці дома адны і што нешта з гэтым трэба рабіць. І я пагадзілася, — узгадвае яна.
Далей, паводле слоў Анастасіі, сілавікі пачалі глядзець яе перапіскі ў Telegram, правяраць лайкі ў Instagram і гэтак далей. Усё ўбачанае каментавалі: «Нельга так рабіць, нельга, вы што? Гэта артыкул».
— Я кажу: «Дык там жанчына распавядае пра тое, што ёй цяжка жывецца, што ў яе дзіця з інваліднасцю, ёй збіраюць грошы». — «Нельга, гэта артыкул», — перадае дыялог суразмоўніца.
Праз нейкі час, успамінае жанчына, яна не вытрымала: «бяседа» зацягвалася, дзеці ўсё яшчэ былі адны. Тады яна папрасіла патэлефанаваць падрузе, каб тая прыглядзела за імі, — тэлефон далі. Але перад тым, як аддаць яго назад сілавікам, Анастасія заблакавала экран — і зноў адмовілася называць пароль. Тым больш што за дзяцей ужо была спакойная.
— Яны зразумелі, што прамахнуліся ў гэты момант, даўшы мне тэлефон. Магчыма, той, хто даў патэлефанаваць, потым «атрымаў па шапцы» (але я гэтага ўжо не ведаю), — распавядае яна. — І вось сяджу зноў у гэтай клетцы, яны перыядычна заходзяць і палохаюць, што пасадзяць. А потым заходзіць хтосьці ў пагонах (не ведаю, новы ці не, бо там вельмі шмат людзей змянялася) і кажа: «А давайце сябраваць?» Я сяджу і проста не разумею: вы жартуеце ці не? А ён такі: «Ну, усё, мы вас адпусцім, усё пачысцім».
Пасля гэтага Анастасію сапраўды адпусцілі, толкам нічога не патлумачыўшы і не выдаўшы ніякіх дакументаў. Што гэта было, яна так і не зразумела, прызнаецца беларуска.
«Паклікаюць па імені, паварочваюся — хапаюць за рукі і пхаюць у машыну»
Далей некалькі месяцаў беларуску не чапалі — здавалася, адбылося непаразуменне. Але ў жніўні 2025-га раздаўся званок — на тым канцы была міліцыя. Ёй сказалі, што ўладальніца дома, які беларуска раней здымала, напісала на яе заяву з‑за зніклай тэхнікі, і трэба тэрмінова з’явіцца ў аддзел. Зрабіць гэта адразу жанчына не магла, пра што і сказала па тэлефоне — у адказ замест тлумачэнняў пачула пагрозы.
— Я вельмі спалохалася, памятаючы, што адбывалася вясной. Выршыла, што, напэўна, мне можа дапамагчы, калі я цяпер запішу відэа ў TikTok, што вось такая сітуацыя, што мяне прэсуе міліцыя і мне кажуць, што мяне пасадзяць, — распавядае Анастасія. — Ужо на наступны дзень мне зноў патэлефанавалі з брэсцкай міліцыі і сказалі, што я заўтра павінна з’явіцца. Кажу: «Добра, прыеду, без праблем».
На наступны дзень зранку жанчына зайшла ў краму, а пасля гэтага планавала ехаць у аддзяленне. Ні тое, ні другое зрабіць не атрымалася:
— Уже заходзячы ў краму, чую, як паклікаюць па імені і прозвішчы. Паварочваюся — і мяне проста хапаюць за рукі і пхаюць у машыну. Я спрабую як-небудзь ухіляцца, прашу растлумачыць, хто яны (бо людзі былі не ў форме, і машына таксама без распазнавальных знакаў). Нібыта лагічна, што гэта міліцыянты, але я ж зусім не ведаю, хто яны такія. Кажу: «Можаце прадставіцца?» Ён: «Мы нічога не абавязаны», і ўсё ў такім духу.
Пасля гэтага Анастасію пасадзілі ў машыну і надзелі на яе кайданкі. Некаторы час нікуды не ехалі, а акно было адчыненае. У той момант, успамінае беларуска, яна ўвогуле не разумела, што адбываецца: ці то яе зараз адвязуць і пасадзяць, ці то «увогуле заб’юць».
— І я думаю, трэба нешта рабіць. Побач якраз кіёск з гароднінай стаяў, у якім я часам нешта купляю, прадаўшчыца мяне ведае. А я сама па сабе невялікая, думаю: зараз паспрабую ў гэта акенца высунуцца і пакрычаць. Можа, атрымаецца нешта зрабіць, — распавядае беларуска. — Вылажу, а адзін з тых, хто ў машыне сядзеў, схапіў мяне за ногі і спрабуе назад запхаць. Я пачынаю крычаць: «Людзі, дапамажыце!» Вось гэта жанчына з кіёска падышла: «Што вы робіце?» Ну, яны ёй пасведчанне і паказалі.
«Кіно ты, здаецца, пераглядзела. Гэта табе не Амерыка. Тут такога не будзе»
На гэтым спроба «ўцёкаў» Анастасіі скончылася, і яе адвезлі ў аддзяленне. Там беларуска, ужо падрыхтаваўшыся, патрабавала магчымасці патэлефанаваць адвакату, на што ўвесь час атрымлівала адзін і той жа адказ: «Потым патэлефануеш».
— Пасля таго як ужо завялі ў кабінет, я апошні раз спытала: «Калі вы дадзеце мне магчымасць патэлефанаваць адвакату?» І нейкі міліцыянер (быццам начальнік) кажа: «Кіно ты, здаецца, пераглядзела. Гэта табе не Амерыка. Тут такога не будзе». І тут я зразумела, што патэлефанаваць не дадуць, — расказвае яна. — Першапачаткова ж мяне выклікалі з‑за той заявы, але ўжо аказалася, што справа ў тым TikTok, які я выклала за дзень да гэтага. Мне так проста і сказалі: «Вось, тваё відэа дайшло да нейкага міністра, і ён мне а чацвёртай раніцы патэлефанаваў». Ну не такімі словамі, вядома. Ён проста крычаў: «Вось, з‑за цябе мне патэлефанавалі, адчыталі». Маўляў, калі б не гэта відэа, ніхто б мяне не чапаў. Але не ведаю, наколькі гэта праўда.
Выказаўшы сваё абурэнне, сілавікі вырашылі папрацаваць над «аднаўленнем рэпутацыі» — Анастасіі сказалі запісаць другі ролік з абвяржэннем.
— Кажу: «Слухайце, вы разумееце, што людзі не дурныя, яны ж бачаць і ўсё разумеюць». А яны такія: «Вось нам трэба». І сказалі, што пасля гэтага адпусцяць (а ў мяне дзеці дома, я ж проста ў краму ішла), — распавядае жанчына. — Дый яны зноў пра дзяцей пачалі гаварыць — для іх гэта, як я разумею, увогуле норма. Пыталіся: «А на дзяцей увогуле начхаць, так?», «Табе зусім усё роўна на дзяцей?», «Ой, бедныя дзеці, гэта ж трэба, такая маці». Потым яшчэ «супакойвалі»: «Ну нічога, пра іх паклапоцяцца, не перажывайце. У нас цяпер добрыя дзіцячыя дамы». Таму я пагадзілася.
На старонцы суразмоўніцы ў TikTok застаўся ролік, дзе яна кажа, што супрацоўнікі міліцыі «вядуць сябе цалкам выдатна, ніхто не прэсуе», а «ніякіх пагроз не паступала». Праўда, пасля гэтага жанчыну не адпусцілі, як абяцалі, — у яе тэлефоне знайшлі паведамленне з відэа аднаго з «экстрэмісцкіх» каналаў, якое яна пераслала знаёмаму. Гэткага хапіла, каб абвінаваціць Анастасію ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў».
— Мне сказалі: «Да суда пасядзіш, а там ужо што суддзя вырашыць». Гэта было ў аўторак, і да пятніцы я была ў ізалятары. Сітуацыя зусім стрэсная: я ў турме, што з дзецьмі — незразумела, тэлефанаваць не даюць. Яшчэ была зусім у лёгкім адзенні, ноччу ад холаду зуб на зуб не патрапляў, — успамінае яна. — Яшчэ і пастаянна будзяць, як след выспацца не можаш. Стан быў жудасны, я пастаянна плакала, думала, што мае дзеці могуць апынуцца ў дзіцячым доме проста з‑за нейкай незразумелай сітуацыі. Я ж нічога не зрабіла.
У пятніцу Анастасію адвезлі ў суд — там прызналі вінаватай па арт. 19.11 КаАП і далі штраф у 420 рублёў. Акрамя таго, у жанчыны канфіскавалі тэлефон як «сродак учынення правапарушэння». З‑за гэтага нават не было магчымасці патэлефанаваць. Выручыў канваір — Анастасія набрала падругу з яго тэлефона і ўздыхнула з палёгкай, даведаўшыся, што тая забрала дзяцей да сябе. Пра тое, дзе была мама, малышам распавялі толькі нядаўна, ужо калі ўсе выехалі з краіны.
— Калі я выйшла, мне ўсе казалі: «Ды не можа такога быць, каб цябе затрымалі», — успамінае яна. — Але вось так. Я не ведаю, чаму яны гэта зрабілі. Можа, проста так запалохваюць.
Паводле арт. 6.6 КаАП жанчын з непаўналетнімі дзецьмі нельга затрымліваць на «суткі». Пакінуць Анастасію ў ІЧУ сілавікі маглі толькі з парушэннем закона: напрыклад, зрабіць выгляд, што яна не паведамляла пра дзяцей. Альбо фармальна затрымаць яе па крымінальнай справе, а пасля перакваліфікаваць яе.
Пасля выхаду на суразмоўніцу навалілася мноства бытавых праблем: трэба было з’язджаць з кватэры, якую якраз прадалі, заплаціць штраф і суму за «пражыванне» ў ІЧУ, набліжаўся навучальны год. З‑за гэтага ў той момант нават не было часу асэнсаваць тое, што адбылося, і пашкадаваць сябе пасля перажытага.
— Пры гэтым за гэты «санаторый» я вырашыла адразу не плаціць. У мяне ёсць былы муж, у якога даўгоў вышэй за дах, і ніхто нічога не робіць. Вось я і думаю: «Буду плаціць там па пару капеек у месяц, і мяне ніхто чапаць не будзе, як і былога». Мінаў, напэўна, тыдні тры пасля суда, і мне тэлефануюць з ОПИ: «Добры дзень. А вы збіраецеся плаціць ці не?» Маўляў, «з вашым артыкулам нельга так», і калі не заплаціце — заблакуюць рахункі, нешта такое.
«Паказушна — так, усё спакойна. Але за фасадам незразумела, што адбываецца»
Хоць Анастасія заўсёды разумела, якая ў краіне абстаноўка, пасля другога візіту ў міліцыю страху ў паўсядзённым жыцці стала значна больш. Даходзіла да таго, што выпадкова сустрэны ў краме чалавек у форме выклікаў дрыжыкі і паніку.
— А як-небудзь мы з дзецьмі выйшлі з пад’езда, і там стаяў бусік з надпісам «102». Старэйшы пытаецца: «А што гэта?», а я стаю і баюся, — успамінае яна. — І так пастаянна: выходзіш з пад’езда і перажываеш, што зараз нешта адбудзецца. Нібыта глядзіш па баках — усё нармальна. Але ў той жа час разумееш, што проста за лайк могуць пасадзіць. Вакол нейкая паказуха, я б сказала. Паказушна — так, усё спакойна. Але за фасадам незразумела, што адбываецца.
Гэтым летам Анастасіі зноў патэлефанавалі з міліцыі. На гэты раз нібыта як сведцы па справе аб жорсткім абыходжанні з жывёлай. Пра што ідзе гаворка, жанчына нават не зразумела, нічога падобнага не бачыла. Спалохаўшыся, што ўсё абернецца, як мінулы раз, сказала, што цяпер не ў Брэсце, — і пачала рыхтавацца да ад’езду.
— Бо было незразумела, чым усё скончыцца і што ад мяне хочуць, — тлумачыць яна сваё рашэнне. — Я яшчэ летась хацела гэта зрабіць, але, відаць, маральна не была гатовая. Выйшла пасля суда і такая: «Ну ўсё, больш ніхто мяне чапаць не будзе». Так сябе супакойвала.
Але пасля раптоўнага званка ад сілавікоў зноў стала страшна. Даходзіла да таго, што беларуска баялася сама шукаць у інтэрнэце інфармацыю пра дакументы для эміграцыі, пра тое, як уладкавацца на новым месцы. Прасіла сяброў за мяжой рабіць усё гэта — і яны ўжо дасылалі ёй усё праз мэсэнджары.
— Ты не разумееш, як працуе гэтая сістэма, ці могуць цябе як-небудзь знайсці, ці не могуць. Таму, прачытаўшы ўсё, адразу выдаляла, — тлумачыць яна. — Увогуле, недзе месяц-два ў мяне было на зборы. Рэчаў я амаль не брала: вырашыла, што чым менш мы ўсяго возьмем, тым лепш — менш падазрэнняў і ўвагі на мяжы. Адзінае — сабрала ўсе дакументы, закрыла справы.
У сярэдзіне верасня Анастасія з двума дзецьмі перасекла мяжу — і ўжо крыху абжылася ў Літве.
— Было вельмі страшна наважыцца. Але цяпер гляджу, столькі чатаў эмігрантаў — далучылася, як прыехала. І людзі пішуць: «Звяртайцеся, з рэчамі дапаможам», з бытавой тэхнікай, проста на каву схадзіць клічуць, маральна падтрымліваюць. Пакуль яшчэ шок, трэба прывыкнуць, з дакументамі разабрацца — і ўжо тады пачнецца жыццё.