Палае адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў расійскага «Газпрама»
5- 8.10.2026, 11:22
- 20,032
Беспілотнікі нанеслі ўдар па Салаўатскім НПЗ у Башкартастане.
У ноч на 8 кастрычніка беспілотнікі даляцелі да Рэспублікі Башкартастан у Расіі і атакавалі буйны прамысловы і нафтахімічны цэнтр — горад Салаўат.
Пасля серыі выбухаў у горадзе загарэўся буйны нафтаперапрацоўчы завод — ТАА «Газпромнафтахім Салаўат». Прадпрыемства размешчана за 1400 кіламетраў ад мяжы з Украінай. Пра гэта ранкам паведамілі OSINT-каналы са спасылкай на даныя відавочцаў.
«Салаўат: мясцовыя жыхары паведамляюць пра напад на НПЗ «Газпром Салаўат», — пішуць маніторынгавыя каналы.
На кадрах, што разышліся ў сетцы, відаць, як у месцы паражэння разгарэўся моцны пажар і падняўся дым. Акрамя таго, маніторынгавыя рэсурсы паведамлялі пра выбухі ў Сцерлітамаку (Рэспубліка Башкартастан).




Што вядома пра прадпрыемства
ТАА «Газпромнафтахім Салаўат» — адзін з найбуйнейшых нафтахімічных комплексаў Расіі. З адкрытых крыніц вядома, што завод вырабляе бензін, дызельнае паліва, керосін і іншыя нафтапрадукты. Таксама на заводзе вырабляюць звадкаваныя газы, бутылавыя спірты, паліэтылен, палістырол, аміяк і г. д. Прадпрыемства ўдзельнічае ў забеспячэнні патрэбаў расійскай арміі.
Магутнасць завода складае каля 10 мільёнаў тон нафты на год. У 2024 годзе прадпрыемства перапрацавала 7,2 мільёна тон нафты, што складае не менш за 2,7% ад агульнага аб’ёму нафтаперапрацоўкі ў Расіі.
Раней Салаўатскі НПЗ ужо падвяргаўся атакам украінскіх дальнабойных беспілотнікаў, пасля чаго прадпрыемства прыпыняла працу.
Нагадаем, што таксама гэтай ноччу ў Разанскай вобласці Расіі былі паражаны станкабудаўнічы завод «Саста» і буйны дата-цэнтр «Яндэкс ДЦ Сасава». Пасля удараў на серверах кампаніі «Яндэкс» назіраецца маштабны збой.