У «Яндэксе» не змаглі назваць тэрміны аднаўлення «жалезнага сэрца»
- 9.10.2026, 14:00
Два дата-цэнтры выведзеныя з ладу пасля атак дронаў.
Удары ўкраінскіх беспілотнікаў вывелі з ладу два дата-цэнтры «Яндэкса»: у Сасаве Рязанскай вобласці аб'ект цалкам спыніў працу, а у Калуге — быў часткова пашкоджаны, паведамілі ў кампаніі. «Дата-цэнтры — «жалезнае сэрца» Яндэкса. Іх працаздольнасць крытычная для сэрвісаў, якія сталі часткай паўсядзённага жыцця людзей. Мы працягваем ацэньваць стан інфраструктуры — пакуль назваць тэрміны аднаўлення працы абсталявання ў дата-цэнтрах вельмі складана», — гаворыцца у звароце кампаніі.
Узброеныя сілы Украіны (ВСУ) атакавалі цэнтр у Сасаве у ноч на 8 кастрычніка, а праз суткі — у Калуге. У выніку налётаў на аб'ектах узніклі пажары, аднак супрацоўнікі не пацярпелі. Пасля гэтага ў расійскім сегменце інтэрнэту адбыўся маштабны збой, які закрануў сэрвісы буйных банкаў, сайты РЖД, дзяржаўных СМІ, прадуктовых рытэйлераў і прадаўцоў электронікі. Частка сэрвісаў «Яндэкса» таксама працавала з перабоямі. Усяго ў кампаніі пяць дата-цэнтраў. Чатыры з іх знаходзяцца на тэрыторыі Расіі — у Сасаве, Калуге, Мыцішчах і Уладзіміры, а адзін — у Фінляндыі. Апошні з-за санкцый адключылі ад электразабеспячэння.
Украінская армія пачала біць па аб'ектах «Яндэкса» пасля таго, як расійская армія ў канцы верасня атакавала дата-цэнтр «Датагруп» у Кіеве. У Мінабароны РФ сцвярджалі, што ён «забяспечваў апрацоўку і перадачу разведданых у інтарэсах ВСУ». Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў будзе сіметрычна адказваць на расійскія абстрэлы.
Пад пагрозай у Расіі могуць апынуцца любыя тэхналагічныя вузлы, але татальны лічбавы блэкаўт краіне не пагражае, адзначыў у размове з «Медузай» эксперт арганізацыі RKS.global Саркіс Дарбінян. Паводле яго слоў, інфраструктура сучасных IT-кампаній размеркаваная па ўсёй краіне, таму пры выхадзе абсталявання з ладу трафік і кліенты аўтаматычна перанакіроўваюцца на рэзервовыя магутнасці. Усяго ў Расіі каля 200 дата-цэнтраў, і вывесці іх усе з ладу — задача надзвычай амбіцыйная, падкрэсліў Дарбінян. Пры гэтым эксперт не выключыў далейшыя кропкавыя атакі на рэгіянальныя пляцоўкі «Ростелекома», «Сбера», VK і Selectel.