Сікорскі высмеяў новыя патрабаванні Пуціна
4- 15.11.2026, 22:40
- 4,486
ФОТА: GETTY IMAGES
Кіраўнік МЗС Польшчы нагадаў пра адсутнасць прыбіральняў у дамах 11 мільёнаў расіян.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі высмеяў новыя патрабаванні расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, якія прадстаўнікі РФ, паводле звестак СМІ, агучвалі падчас перамоваў па Украіне на гэтым тыдні.
Кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства нагадаў на сваёй старонцы ў X, што пакуль РФ траціць велізарныя грошы на спробы акупаваць які-небудзь населены пункт ва Украіне, многія расіяне пазбаўленыя базавых патрэбаў.
«Нядаўнія патрабаванні расійскага ўрада высвечваюць вечную праблему іх палітычнай культуры, а менавіта: іх больш хвалюе заваяванне нейкага замежнага горада, пра які ніхто з іх ніколі не чуў, чым праблема 11 мільёнаў расіян, у якіх няма прыбіральні ў доме», – напісаў міністр.
Нагадаем, у заходніх СМІ было апублікавана некалькі матэрыялаў, у якіх гаворыцца, што расійскі бок патрабуе вяртання НАТА да межаў 1997 года ў межах мірных перамоваў, фактычна паўтараючы тыя ўльтыматумы, якія Крэмль выстаўляў ЗША і Еўропе ў 2021 годзе, незадоўга да поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.
Recent demands by the Russian goverment highlight an eternal problem with their political culture, namely, that they care more about conquering a foreign town none of them had ever heard of than about 11 million Russians who don’t have a toilet in their home.
— Radosław Sikorski 🇵🇱🇪🇺 (@sikorskiradek) November 15, 2026