Чаму Пуцін так і не наважыўся змяніць кіраўніка ФСБ?
- Вадзім Дзянісенка, «Дзелавая сталіца»
- 16.11.2026, 7:11
Гэта яшчэ не крах, але бесперапынная эрозія сістэмы.
15 лістапада кіраўніку ФСБ Бортнікаву спаўняецца 75 гадоў. І яго замена на, імаверна, першага намесніка Каралёва абмяркоўвалася амаль год.
Аднак Пуцін пакінуў хворага старога Бортнікава яшчэ на год. Дакладней, пакуль хтосьці з іх не памрэ.
1. Звольніць Бортнікава ў разуменні Пуціна — гэта паказаць усім, наколькі ён стары. І хоць у Расіі многія пісалі, што Бортнікаў неаднаразова прасіўся на пенсію, Пуцін не наважыўся гэтага зрабіць. Адстаўка Бортнікава нагадвае яму пра яго непазбежную смерць. А гонкі на катафалках — яго найвялікшы страх. Дарэчы, таму так доўга не дазвалялі гаварыць пра хуткую смерць Жырыноўскага, які нават памёршы, працягваў «працаваць» з бальніцы. Цяпер тая ж гісторыя з лідарам «Справядлівай Расіі» Міронавым, якога ніхто не бачыў ужо некалькі месяцаў, а ён «актыўна працуе» над законапраектамі. Але гэта не псіхіятрыя. Ёсць і больш лагічныя інструменты.
2. Для разумення сённяшніх працэсаў нам трэба вярнуцца на пару месяцаў таму, калі спачатку пасадзілі, а потым выпусцілі з СІЗА бандыта-мільярдэра, знаёмага Пуціна Ілью Трабера. Тады аперацыяй па затрыманні кіраваў першы намеснік старшыні ФСБ Сяргей Каралёў. Пасля вызвалення Трабера са сваёй пасады і нават з ФСБ вылецеў кіраўнік Службы эканамічнай бяспекі ФСБ Сяргей Алпатаў, правая рука Каралёва. Цяпер, з вялікай доляй верагоднасці, можна аднавіць падзеі наступным чынам:
Алпатаў данёс Каралёву пра нейкую разнавіднасць здрады з боку Трабера. Каралёў перадаў гэтыя дакументы Пуціну, які даў дазвол на арышт.
Далей у гульню ўключыўся памочнік і былы ахоўнік Пуціна Дзюмін, які прадставіў Пуціну даныя пра тое, што Каралёў і Алпатаў памыліліся. На падставе гэтых дакументаў Пуцін прыняў рашэнне аб вызваленні і рэабілітацыі Трабера. Больш за тое, яго актывы, што ўжо амаль перайшлі ў рукі Кавальчукоў, былі вернутыя Траберу.
Гэтая гісторыя, падобна, дала Пуціну падставу не прызначаць Каралёва кіраўніком ФСБ; Дзюмін дамогся таго, каб Каралёў настолькі не ўзмацніўся (відаць, там ёсць нейкія трэнні), а ў Кавальчукоў зуб на Дзюміна. Дарэчы, адна з апошніх навін, пра якую піша расійскае выданне «ВЧК-ОГПУ», — гэта як Кавальчукі не далі Дзюміну паставіць свайго чалавека на чале «Росимущество» і захавалі свайго кіраўніка — Вадзіма Якаўенку.
3. Такім чынам, у ФСБ застаецца трайное ўладдзе, калі існуюць тры вертыкалі: вертыкаль Бортнікава, Каралёва і Ткачова (кіраўнік вайсковай контрвыведкі, чалавек Сечына). На думку Пуціна, менавіта трайное ўладдзе дазваляе яму жыць спакойна, бо ў ФСБ не можа наспець пераварот.
4. Разам з тым на працягу апошняга года мы бачым звышсур'ёзнае ўзмацненне ФСБ. І дэ-факта, Пуцін сам таго не заўважаючы, пачынае разбіваць вертыкаль тэхнакратаў, пік магутнасці якой прыпаў на 2022–23 гады, калі менавіта яны не далі расійскай эканоміцы зваліцца пад санкцыямі. Калі ў 2024 годзе Пуцін рэзка абмежаваў кола недатыкальных, ён тым самым зрабіў тэхнакратаў безабароннымі перад ФСБ. Дакладней, недатыкальнымі засталася пара дзясяткаў людзей з яго атачэння, але гэтыя людзі ўжо не могуць абараніць сваіх людзей. І менавіта таму ФСБ так блізка падступілася да Кірыенкі і Мішусціна, хоць і не можа іх закрануць. Увесь гэты сюжэт размывае вертыкаль тэхнакратаў, якая трымаецца выключна на жаданні Пуціна нікога не змяняць са свайго атачэння. Гэта, вядома, не крах сістэмы — гэта павольная, але бесперапынная яе эрозія.
Вадзім Дзянісенка, «Дзелавая сталіца»