Украінскія дроны знішчылі расійскі цягач разам з гаўбіцай
- 16.11.2026, 14:56
Магутны выбух МТ-ЛБ трапіў на відэа.
У раёне вёскі Новапятроўка Валуйскага раёна Белгародскай вобласці РФ украінскія аператары FPV-дронаў знішчылі расійскі браняваны цягач МТ-ЛБ, які буксіраваў 122-мм гаўбіцу Д-30.
Як паведамляе «Цензор.НЕТ», украінская аэравыведка выявіла варожую тэхніку падчас яе перамяшчэння. МТ-ЛБ быў аснашчаны дадатковай абаронай ад ударных беспілотнікаў.
Пасля першага траплення FPV-дрона бранятранспарцёр спыніўся, а расійскі экіпаж паспяшаўся пакінуць машыну, адчыніўшы люкі.
Гэтым скарысталіся украінскія аператары. Другі FPV-дрон заляцеў унутр МТ-ЛБ, дзе захоўваліся артылерыйскія снарады. У выніку ўдару боепрыпасы выбухнулі, што выклікала магутны выбух і пажар. Пасля знішчэння браняванага цягача украінскія дроны атакавалі гармату Д-30, якую ён буксіраваў.
Паводле паведамлення ўкраінскіх вайскоўцаў, абедзве адзінкі варожай тэхнікі знішчаныя і аднаўленню не падлягаюць.