Украіна прынізіла Крэмль у вачах Сі Цзіньпіна
1- 17.11.2026, 13:37
- 5,316
Раман Світан расказаў, чаму атака на Крымскі мост — геапалітычны ўдар.
Узброеныя сілы Украіны зноў атакавалі Крымскі мост 17 лістапада. Адна з арак аўтамабільнай часткі і ўчастак дарожнага палатна абрынуліся ў ваду. Па папярэдніх даных, канструкцыі, што абрынуліся, маглі перакрыць судаходны фарватэр Керчанскай пратокі.
Крымскі мост лічыўся адным з найбольш абароненых аб'ектаў Расіі. Як ЗСУ ўдалося пераадолець эшаланаваную сістэму СПА і якія сродкі паражэння маглі выкарыстоўвацца?
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з палкоўнікам запасу ЗСУ, ваенным экспертам і лётчыкам-інструктарам Раманам Світанам:
— Удар па Керчанскім мосце быў камбінаваным. Выкарыстоўваліся дзясяткі беспілотнікаў і паўтара-два дзесяткі ракет. Урэшце дасталі, прабілі СПА Керчанскага моста і паклалі ферму, гэта значыць арку.
Пяскоў не дарма казаў, што няма такой сістэмы ці ракетнага комплексу, здольных на 100% забяспечыць ахову аб'екта. Іх проста не існуе ў свеце. Ёсць пэўная шчыльнасць СПА, пэўныя каэфіцыенты перахопу, але яны канечныя. Лічбы канечныя. ЗСУ намацалі каэфіцыент спынення сістэмы супрацьпаветранай абароны на Керчанскім напрамку. Руку ўжо набілі на працісканні маскоўскай СПА. Гэтыя сістэмы прыблізна аднолькавыя.
Выкарыстоўвалася вялікая колькасць беспілотнікаў і дронаў-прыманак. Яны адцягнулі на сябе ўвагу расійскай СПА. Акрамя таго, хутчэй за ўсё, працавалі ракеты ADM-160, пастаноўшчыкі перашкод. Такая ракета на пэўны час асляпляе СПА праціўніка. Гэта можа цягнуцца ад дзясяткаў секунд да некалькіх хвілін. Гэткага часу дастаткова для праходу выскахуткасных ракет.
Далей Керчанскі мост добілі нашыя ракеты аператыўнага ўзроўню. Цяпер у ЗСУ да дзясятка іх разнавіднасцяў, пачынаючы ад «Барса» і заканчваючы «Нептунамі». Ёсць інфармацыя, што «Фламінга» таксама падляцела, памахала крыламі, паглядзела. То бок быў выкарыстаны ўвесь спектр ракетнай узбраенасці Украіны. Гэта і прынесла вынік.
— Наколькі крытычныя атрыманыя мостам пашкоджанні? Ці можна аднавіць абрынутыя арку і пралёт і колькі часу гэта можа заняць?
— Гэта даволі складаная канструкцыя, хутка аднавіць яе не змогуць. Відаць, ужо не гэтай зімой. Узімку праводзіць такія працы неэфектыўна. Пагодныя ўмовы, штармы і лёд не дазволяць правесці рамонт у поўным аб'ёме. Думаю, з інжынернага пункту гледжання расіянам будзе правільна перанесці працы на вясну і лета. За наступны год яны, напэўна, арку адновяць.
Але мост пастаянна будзе знаходзіцца пад нашымі ўдарамі. Які сэнс яго аднаўляць? Нават чыста лагічнага сэнсу няма. Ён працаваць не будзе. Мы гэты лагістычны ланцуг парушым. Для нас гэта адна з галоўных мэтаў.
Акрамя сакральнага значэння, гэта яшчэ і вайсковая лагістыка. Праз Крым ідуць пастаўкі амуніцыі на Херсонскі і Запарожскі напрамкі. Для ЗСУ гэта важна. Калі ў нас з'явілася такая магчымасць, мы не дазволім гэтаму мосту працаваць у ваенных мэтах.
— З'явіліся паведамленні, што абломкі канструкцыі перакрылі судаходны фарватэр. Калі яны пацвердзяцца, чым прыпыненне судаходства ў Керчанскай пратоке пагражае расійскай вайсковай лагістыцы і портам Азоўскага мора?
— Арка лягла на судаходны пралёт пад мостам. Цяпер судаходства там будзе як мінімум абмежаванае або цалкам спыненае.
Гэта вельмі магутны ўдар па эканоміцы Расіі. Керчанская пратока забяспечвала рух грузаў па Волга-Донскім вадным шляху. Гаворка ідзе пра грузы, што перамяшчаюцца праз цэнтр Расіі і яе еўрапейскую частку, ад Балтыкі да Каспія. З Балтыкі праз сетку каналаў можна было трапіць у Волгу і далей у Каспійскае мора. Па Волга-Донскім канале судны пераходзілі ў Дон, а затым ішлі ў Азоўскае і Чорнае моры. Далей праз Басфор яны выходзілі ў Міжземнае мора і Атлантыку.
Па вялікім рахунку, асноўны паток грузаў паўднёва-захаду Расіі цалкам перакрыты адной абрынутай аркай. Больш нічога рабіць не трэба. Расіяне самі пабудавалі Керчанскі мост, а потым далі нам магчымасць абрынуць арку і цалкам спыніць судаходства. Гэта найсур'ёзнейшы ўдар па эканоміцы. Праз гэтую сістэму перавозіліся грузы больш чым на 100 мільярдаў долараў. Яны ішлі па Волга-Донскім рачным шляху і далей у Азова-Чарнаморскім напрамку.
Гэта працяг выканання асноўнай задачы — разбурэння расійскай эканомікі, а праз яе і самой Расійскай Федэрацыі. Адным ударам забілі трох зайцоў. Па-першае, ударылі па эканоміцы. Па-другое, па вайсковай лагістыцы праз Керчанскі мост. Па-трэцяе, гэта геапалітыка. Пуцін заўтра будзе стаяць перад Сі Цзіньпінам, як абскубаная курыца. Час для ўдару абралі правільна.
— Паралельна ЗСУ знішчаюць масты на сухапутным калідоры праз Марыупаль, паслядоўна пераразаючы абодва асноўныя маршруты забеспячэння Крыма. Якія аб'екты могуць стаць наступнымі мэтамі для поўнай блакады паўвострава?
— Далей патрэбны агнявы кантроль асноўнай трасы праз Марыупаль на Мелітопаль. Вы правільна кажаце, там дзве ракі — Міус і Кальміус. Спачатку Міус у раёне Таганрога, у Растоўскай вобласці. Затым Кальміус, ужо ў Данецкай вобласці. Там таксама знаходзяцца масты.
Далей ідуць маршруты ў Крым праз Перакоп і Чангар. Гэтыя масты ЗСУ будуць дабіваць. То бок гаворка ідзе пра поўную блакаду паўвострава.