Недалёка ад Гродна прадаюць базу адпачынку з міні-заапаркам і канюшняй
- 17.11.2026, 14:38
Названая цана.
На захадзе Беларусі прапануюць набыць базу адпачынку «Каменскае». Яна знаходзіцца прыкладна ў 50 км ад Гродна і ў 22 км ад райцэнтра Шчучын. Пачатковая цана — 3,9 млн рублёў, паведамляе гандлёвая пляцоўка «Госторг».
Комплекс знаходзіцца ў атачэнні сасновага і бярозавага лесу. Як сказана ў аб’яве, непадалёк ёсць маляўнічае возера, прыдатнае для рыбалкі. Плошча зямельнага ўчастка перавышае 2,6 га.
База адпачынку ўключае ў сябе шэсць драўляных гасцявых домікаў (адна-, двух- і трохпакаёвых) і два VIP-домы, а таксама адміністрацыйны будынак, домікі егераў, канюха і аховы. Дамы абсталяваныя цёплымі падлогамі, кандыцыянерам, бесправадным інтэрнэтам, тэлевізарам, электрачайнікам, халадзільнікам і санвузлом.
На тэрыторыі сядзібы ёсць лазня з басейнам, восем альтанак, пляцоўка для намётавага адпачынку, а таксама міні-заапарк і канюшня.

Базу адпачынку прадае ААТ «Шчучынскі завод «Аўтаправод». Як высветліў Office Life, гэта паляўніча-рыбалоўная гаспадарка працягвае працаваць, у тым ліку прымае заяўкі на навагоднія святы. А вось сайт аб’екта пакуль недаступны. Верагодна, за кошт аўкцыёну ўладальнікі вывучаюць, наколькі такі аб’ект зацікавіць патэнцыйных інвестараў.
Таргі запланаваныя на 23 снежня, а zaяўкі прымаюць да 21 снежня.
На пачатку кастрычніка выставілі на таргі буйную базу адпачынку «Янава», што прыкладна ў 23 км ад Полацка. За яе прасілі па цяперашніх мерках няшмат — 667 тыс. рублёў. А ў верасні каля Чэрвеня прадавалі за 2,6 млн рублёў такі аб’ект з глэмпінгам. Тады ж выставілі на таргі і дзеючую базу адпачынку з гатовай інфраструктурай у вёсцы Юхнаўка ў Мінскім раёне за больш чым 5,5 млн рублёў.