У Гродзенскім заапарку нарадзіўся маленькі Эльф
- 17.11.2026, 16:41
Першага ў сям'і самца міні-аленя выкармліваюць казіным малаком.
У кітайскіх мунтжаках, якія жывуць у Гродзенскім заапарку, нарадзілася маляня. Радасная падзея адбылася напачатку лістапада.
Эльф стаў першым самцом у прыплодзе. Раней у сям'і міні-аленяў нараджаліся толькі самачкі. Кадрамі з малым спецыялісты падзяліліся толькі цяпер, піша Tochka.by.
У першыя дні жыцця Эльфік практычна не набіраў вагу, распавялі спецыялісты. З дапамогай відэакамер яны высветлілі, што малы галадуе. Высветлілася, што ў самачкі Элі, якая ўпершыню стала маці, не хапала малака.
Відэа: Telegram-канал «Гродзенскі заапарк» https://t.co/lIHJmF19yN
— Фото/Видео (@FotoVid81878667) 17 лістапада 2026
Ветэрынары адразу перавялі яго на штучнае выкармліванне. Харчаннем для нованароджанага стала малако казі Пудры. Па складзе яно блізкае да натуральнага рацыёну аленят і казуль, таму добра засвойваецца. Апетыт у Эльфа зайздросны — за суткі ён выпівае да 500 мл малака і ўжо прывыкае да прыкорму.
Аленяню прапануюць кавалачкі дзёрну з грунту. Бо, акрамя травы, дарослыя алені ядуць і зямлю, якая насычае арганізм мінеральнымі рэчывамі.
Малы нарэшце ўстаў на ногі. Цяпер ён насіцца па ўсім веткарпусе. Галоўнае забаўленне для яго — гульня ў даганялкі з супрацоўнікамі заапарка.