Жыхару Мядзела адмовіліся выклікаць «хуткую» пасля надзвычайнага здарэння на працы
2- 2.11.2026, 18:16
- 2,154
Ягоная сястра патрабуе пакараць вінаватых.
Жыхарка Мядзела расказала ў сацсетцы Threads пра надзвычайнае здарэнне, якое здарылася на вытворчасці з яе братам і прывяло да яго смерці.
«21 жніўня 2026 года на вытворчасці ТАА «Карыо» ў горадзе Мядзел мой брат упаў з вышыні, — піша яна. — Яму не выклікалі хуткую дапамогу, вывезлі на аўтавакзал каля 15–16 гадзін і пакінулі паміраць. Каля 18 гадзін мы з мужам прыехалі па яго, але ўратаваць ужо не змаглі.
Шукаю сведкаў, відавочцаў, шукаю адваката. Ведаю, што вярнуць нічога немагчыма, але хачу перасцерагчы і пакараць вінаватых!»
Допіс выклікаў ажыўленнае абмеркаванне і сабраў амаль 300 каментароў. Большасць карыстальнікаў сацсеткі выказвалі спачуванне сям’і загінулага і пісалі словы падтрымкі. Як высветлілася, падобныя выпадкі — не рэдкасць у сучаснай Беларусі.
«Спачуваю, — напісала іншая беларуска. — Сіл вам дамагчыся праўды. У жніўні мінулага года мой тата ўпаў з вышыні на працы, яму таксама не выклікалі хуткую. Хацелі вывезці з месца працы, каб не афармляць вытворчую траўму. Але ён змог неяк дастаць тэлефон з кішэні і набраць мяне, я паспела прыехаць і сама выклікала хуткую. Каб іх спыніць, давялося пагражаць выклікам міліцыі. А за неаказанне дапамогі, пакіданне ў небяспецы і спробу ўтоіць факт вытворчай траўмы ніхто ніякай адказнасці не панёс».