«Пуцін павінен зразумець, што Крымскага моста не будзе»
- 21.11.2026, 8:42
Зяленскі папярэдзіў Крэмль.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што дыктатар РФ Уладзімір Пуцін павінен зразумець — Крымскага моста не будзе, а здзейсненыя супраць яго атакі законныя, бо Крым быў акупаваны.
Пра гэта паведамляе Clash Report.
«Яны атакавалі некалькі нашых аб'ектаў, і, вядома, мы мусілі адказаць. І, вядома, мы адказалі ўдарам па Крымскім мосце», — заявіў Зяленскі.
Ён адзначыў, што Украіна мае поўнае права атакаваць гэты аб'ект, бо Крым з'яўляецца ўкраінскай тэрыторыяй, якую Расія акупавала ў 2014 годзе.
«Гэта наша цалкам законная мэта, бо яны акупавалі Крым — наш Крым. Гэта была іх першая мэта ў 2014 годзе. Яны акупавалі нашу тэрыторыю. Потым яны пабудавалі гэты мост і заявілі, што ён з'яўляецца часткай Расіі», — патлумачыў кіраўнік Украіны.
Паводле слоў Зяленскага, пасля акупацыі паўвострава Масква змяніла сваю канстытуцыю і ўнутранае заканадаўства, спрабуючы замацаваць за сабой украінскія тэрыторыі.
У той жа час Зяленскі падкрэсліў, што такія дзеянні Расіі не маюць міжнароднага прызнання.
«Ніхто ў свеце гэтага не падтрымаў. Ніхто не можа прызнаць гэтыя землі часткай расійскай тэрыторыі. Гэта — часова акупаваныя тэрыторыі», — падсумаваў ён.
Украінскі прэзідэнт таксама даў зразумець, што ўдары па Крымскім мосце могуць быць працягнутыя, а Расія павінна ўсвядоміць немагчымасць захавання кантролю над украінскім паўвостравам.
«Пуцін павінен зразумець, што гэты мост не ўцалее», — сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю журналісту.
Атака на Крымскі мост
Як вядома, у ноч на 17 лістапада Сілы абароны Украіны паразілі Крымскі мост. Гэта было зроблена на сёмым этапе аперацыі, якая рыхтавалася некалькі тыдняў.
Для фінальнага ўдару украінскія вайскоўцы выкарысталі розныя дроны і ракеты, пра што раней распавёў Зяленскі.
У ваду ўпалі арка і аўтамабільны пралёт, а ў Мінтрансе Расіі заявілі, што рух па мосце немагчымы.