Беспілотнікі ўпершыню атакавалі стратэгічны эксклаў Расіі
1- 22.11.2026, 9:13
- 2,786
Мэтай магла стаць галоўная ваенна-марская база Балтыйскага флоту РФ.
Калінінградская вобласць — стратэгічна важны эксклаў Расіі, размешчаны паміж краінамі — чальцамі НАТА і ЕС, упершыню падвергся атаке беспілотнікаў, паведамляе «Дыялог.UA».
У суботу, 21 лістапада, у рэгіёне абвясцілі пагрозу беспілотнікаў, а маніторынгавыя каналы паведамляюць пра выбухі і працу сістэм СПА ў раёне Балтыйска, дзе размешчаная галоўная база Балтыйскага флоту РФ; публікуюцца адпаведныя кадры, знятыя мясцовымі жыхарамі.
СМІ рэгіёну паведамляюць, што паветраная трывога пачалася прыкладна а 19:00 па мясцовым часе (20:00 па Мінску).
Паведамленні пра яе паступалі ад жыхароў некалькіх раёнаў Калінінграда, а таксама Светлагорска, Зяленаградска, Піянерскага і Светлага. Насельніцтву рэкамендавалі перайсці ў бяспечныя месцы.
Асобныя паведамленні датычылі Балтыйска — партовага горада, у якім знаходзіцца галоўная база Балтыйскага флоту Расіі.
Тэлеграм-канал Exilenova+ адзначае, што ў горадзе былі зафіксаваныя шматлікія выбухі і гукі беспілотнікаў. Паводле версіі канала, мэтай атакі магла стаць галоўная ваенна-марская база Балтыйскага флоту Расіі
.
На фоне паведамленняў пра пагрозу беспілотнікаў былі ўведзены абмежаванні ў працы калінінградскага аэрапорта Храбрава. А 21:22 (па Мінску) Расавіяцыя паведаміла пра абмежаванне яго працы, але праз 20 хвілін выкананне рэйсаў аднавілі.