Рэдчэйшага ляснога ката зноў заўважылі ў Беларусі
8- 27.11.2026, 14:32
- 5,900
Драпежнік трапіў у фотапастку ў нацыянальным парку «Прыпяцкі».
Еўрапейскі лясны кот, з'яўленне якога ў Беларусі летам 2025‑га стала сапраўднай навуковай сенсацыяй, зноў трапіў у фотапастку. На гэты раз рэдчэйшага драпежніка зафіксавалі на тэрыторыі нацыянальнага парку «Прыпяцкі», усяго за 4 км ад таго месца, дзе адбылася першая амаль за сто гадоў сустрэча з гэтым зверем.
Гэта адбылося 10 кастрычніка, але ўнікальнымі кадрамі нацпарк падзяліўся толькі цяпер. Спецыялістам трэба было дэталёва вывучыць запіс і параўнаць яго з леташнім.
Той самы кот?
Новыя відэаматэрыялы вывучала навуковая супрацоўніца нацпарку, тэрыёлаг Альга Харытоновіч. Менавіта яна ў 2025 годзе ўстанавіла, што ў аб'ектыў фотапасткі ў Жыткавіцкім раёне трапіў еўрапейскі лясны кот.
«З першага погляду можа падацца, што на кадрах 2025 і 2026 гадоў зафіксаваныя розныя асобіны», – адзначае спецыялістка.
За гэты час драпежнік заўважна прыбавіў у вазе і набыў густую зімовую шэрсць. Аднак супадае малюнак палосак на целе і кольцаў на хвасце. У лясных катоў ён такі ж індывідуальны, як адбіткі пальцаў у людзей. Гэта дазваляе з высокай доляй упэўненасці сцвярджаць, што на новых кадрах — стары знаёмы.
«Па папярэдняй ацэнцы, верагоднасць таго, што гэта адзін і той жа звер, складае каля 98%», – падкрэслілі ў нацпарку.
Каб канчаткова ў гэтым упэўніцца, матэрыялы накіравалі на незалежную экспертызу.
Чаму гэта так важна
Новыя кадры маюць велізарную навуковую каштоўнасць. Еўрапейскі лясны кот з 1927 года лічыўся зніклым у Беларусі.
Паўторная сустрэча з драпежнікам праз амаль 16 месяцаў дае навукоўцам падставу для аптымізму. Відавочна, звер паспяхова перазімаваў і адчувае сябе ў нашых краях даволі камфортна. «Від замацоўваецца на Палессі», – канстатуюць у нацпарку.
Цікава, што еўрапейскага ляснога ката няма нават у апошнім выданні Чырвонай кнігі Беларусі, якое выйшла ў 2025 годзе. Цяпер з’явіліся навуковыя перадумовы для вяртання віду пад дзяржаўную ахову.
Пакуль спецыялісты працягваюць назіранне за драпежнікам і спрабуюць сабраць узоры яго шэрсці для генетычнага аналізу.