27 лiстапада 2026, Пятніца, 15:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мінску выстаўлі на продаж катэдж за $4 мільёны

1
У Мінску выстаўлі на продаж катэдж за $4 мільёны
Фота: Realt.by

Ён знаходзіцца ў адным з самых прэстыжных раёнаў сталіцы.

На сайце Realt.by з'явілася аб'ява пра продаж катэджа ў адным з самых прэстыжных раёнаў Мінска — Драздах.

Гісторыя Драздоў як раёна для эліты пачалася яшчэ ў савецкія часы, калі тут размяшчаліся дачы вышэйшага кіраўніцтва БССР. У 2000-х гадах паблізу ад урадавай рэзідэнцыі разгарнулася актыўнае будаўніцтва катэджаў.

Высокапастаўленыя чыноўнікі і набліжаныя да дыктатара Аляксандра Лукашэнкі спартсмены атрымлівалі зямельныя ўчасткі ў падарунак, а бізнесмены — набывалі іх. Выстаўлены на продаж дом знаходзіцца ў Дароўскім завулку, праз два дамы ад катэджа былой кіраўніцы лукашэнкаўскага ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Катэдж пабудавалі ў 2014 годзе на ўчастку плошчай сем сотак. Нягледзячы на тое, што будынак аднапавярховы, яго агульная плошча складае 311,3 квадратнага метра.

Звонку дом не адрозніваецца асаблівай раскошай. У афармленні фасада спалучаюцца светла-карычневая цэгла і цёмныя вертыкальныя панэлі. Для аўтамабіля абсталяваны навес.

Камін, прасторная гасціная і ўласная сауна

Судзячы з планіроўкі, катэдж разлічаны на вялікую сям'ю з дзецьмі. Цэнтральнае месца ў доме займае гасціная плошчай амаль 64 квадратныя метры, аб'яднаная з кухняй-сталовай плошчай больш за 22 квадратныя метры.

У інтэр'еры гасцінай пераважаюць прыглушаныя адценні. Тут размясцілі масіўную мяккую мэблю, дэкаратыўныя панно і дыван з традыцыйным арнаментам.

У памяшканні таксама ёсць камін з каменным парталам, электроннае піяніна і тэлевізар, за якім усталяваная дэкаратыўная перагародка з вертыкальных элементаў вышынёй да столі.

У асобнай частцы дома размяшчаецца гаспадарская спальня плошчай амаль 30 квадратных метраў з уласнай гардэробнай, ванным пакоем і саунай.

Яшчэ тры пакоі абсталяваныя пад дзіцячыя спальні. Для дзяцей прадугледжаны асобны санвузел.

За дом у Драздах просяць чатыры мільёны долараў

Акрамя таго, у катэджы ёсць пральня, дадатковая гардэробная, катэльня-кладоўка, халоднае памяшканне для захоўвання прадуктаў і гасцявы санвузел.

З трох бакоў будынак часткова абступае прасторная тэраса.

За катэдж разам з усёй мэбляй уладальнікі просяць 12 мільёнаў беларускіх рублёў, што эквівалентна чатыром мільёнам долараў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲