29 лiстапада 2026, Нядзеля, 15:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«За паўтара гадзіны ў электрычцы можна дуба даць»

2
«За паўтара гадзіны ў электрычцы можна дуба даць»
Ілюстратыўнае фота: БелТА

Беларусы актыўна абмяркоўваюць спартанскія ўмовы ў прыгарадных цягніках.

Беларусы актыўна абмяркоўваюць у сацсетках, што ў прыгарадных электрычках недастаткова ацяпляюць вагоны. Журналісты «Мінскай праўды» даведаліся ў БЧ, чаму ў салонах бывае холадна і якая тэмпература там павінна трымацца паводле нормаў.

Што адбылося?

Усё пачалося з допісу ў Threads ад жыхаркі Стоўбцаў. Жанчына штодня ездзіць на электрычцы да Мінска і, паводле яе слоў, стамілася мярзнуць, хоць паводле календара яшчэ нават не зіма. Яна сцвярджае, што ў вагонах практычна ніколі не ацяпляюць.

«Я разумею, што патрабаваць чаго-небудзь ад электрацягнікоў эканамклясу — гэта з разраду фантастыкі, але майце ўжо сумленне, забяспечце хоць нармальнае ацяпленне вагонаў у гэты час года, — піша пастаянная пасажырка электрацягніка Стоўбцы — Мінск. — За паўтара гадзіны шляху ў такіх умовах можна дуба даць. Пасажыры аплачваюць праезд і маюць права чакаць хаця б мінімальных «камфортных» умоў у дарозе».

Праблема не толькі на маршруце Стоўбцы — Мінск. Допіс жанчыны актыўна падтрымалі і іншыя пасажыры.

«На маршруце Мінск — Маладзечна ўжо два гады як амаль не ацяпляюць, — піша адзін з карыстальнікаў. — Раней людзі ў гэтых савецкіх электрычках курткі здымалі, бо вельмі цёпла было. Цяпер трэба падштанікі надзяваць, каб узімку ў электрычках катацца».

У каментарыях нехта параіў змяняць маршрут або перасаджвацца на маршруткі, а калі не атрымліваецца, то запасацца кажухом і валёнкамі. Хтосьці стаў на абарону машыністаў, якія найчасцей трапляюць пад раздачу ад пасажыраў.

Што адказалі ў БЧ?

Па каментар у склаўшайся сітуацыі журналісты звярнуліся да спецыялістаў Беларускай чыгункі.

— У адпаведнасці з санітарнымі нормамі, у прыгарадных электрацягніках у халодны час года тэмпература паветра павінна быць не ніжэй за +11 °C, — патлумачылі ў БЧ. — Ацяпленне ў электрацягніках рэгулюецца аўтаматычна. У салонах усталяваныя тэрмадатчыкі, якія дапамагаюць адсочваць неабходную тэмпературу. Калі ж у вагоне вельмі халодна, то любы пасажыр па ўнутрысалоннай сувязі «пасажыр — машыніст» можа звярнуцца да лакаматыўнай брыгады па пытанні ацяплення вагонаў.

Таксама па пытанні ацяплення можна аператыўна звяртацца ў кантакт-цэнтр Беларускай чыгункі па нумары 151. Але там у вас абавязкова запытаюць даныя аб паездцы (дата, час, маршрут, нумар цягніка і вагона).

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲