29 лiстапада 2026, Нядзеля, 20:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Магілёве бацькі адстаялі рэдкі для краіны дзіцячы садок

У Магілёве бацькі адстаялі рэдкі для краіны дзіцячы садок
Ілюстрацыйнае фота

Бацькі перамаглі чыноўнікаў.

У Магілёве гарадскія ўлады задумаліся аб аптымізацыі дзіцячага садка № 8, аднаго з найстарэйшых у горадзе. Там працуюць групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і з аўтызмам. Бацькі сабралі подпісы, разаслалі лісты і запісалі відэазварот — у выніку садок вырашылі захаваць, паведамілі на дзяржаўным прапагандысцкім тэлеканале АНТ.

Садок на вуліцы Садовай, 23 разлічаны на шэсць груп і 115 выхаванцаў. Калісьці ён быў запоўнены цалкам, але з гадамі дзяцей станавілася ўсё менш. У 2020-м туды хадзілі 89 малых, а цяпер — 39. Працуюць толькі чатыры групы: дзве для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і дзве звычайныя дашкольныя.

— Спецыялістаў — 11, плюс два чалавекі адміністрацыі і 13 чалавек тэхнічнага персаналу, — удакладніла загадчыца дзіцячага садка Тацяна Манькова.

Больш за ўсё магчымасць закрыцця трывожыла бацькоў 20 дзяцей з парушэннямі маўлення і аўтызмам. Для іх у садку створаныя спецыяльныя ўмовы і распрацаваныя карэкцыйныя праграмы, з дзецьмі займаюцца лагопеды і дэфектолагі. Бацькі кажуць, што іх задавальняе не толькі блізкасць да дому, але і ўважлівыя выхавальнікі і нянькі, да якіх дзеці ідуць з радасцю.

Паводле слоў чыноўнікаў, справа не ў якасці працы садка, а ў колькасці выхаванцаў. Начальніца ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Асмалоўская патлумачыла, што паводле Кодэкса аб адукацыі ў рознаўзроставай групе павінна быць 12 дзяцей.

— У нас цяпер дзве такія групы — на дзевяць і дзесяць дзяцей. Гэта ўжо не дацягвае да нормы. Пытанне аб аптымізацыі ўзнікае, калі гадамі бачна: установа не карыстаецца папулярнасцю, у бацькоў няма запатрабаванасці аддаць дзіця менавітасюды, — сказала Асмалоўская.

У ўпраўленні прызналі, што пытанне пра будучыню садка стаіць востра ўжо не першы год. Шматпавярховак у мікрараёне няшмат, пераважна там старыя прыватныя дамы, таму рост нараджальнасці тут не чакаюць. У маі з садка выпускнуцца 12 дзяцей, а на наступны год пададзена ўсяго пяць заявак. Пры гэтым і яны пад пытаннем: бацькі гатовыя аддаць дзіця сюды толькі калі ў іншых садках не хопіць месцаў. Адміністрацыя пралічвала розныя варыянты, у тым ліку такія, пры якіх супрацоўнікі не застануцца без працы.

Спачатку бацькам паабяцалі толькі адно: сярод навучальнага года садок дакладна не закрыюць. Што будзе далей, заставалася незразумелым. Але ўжо пасля таго, як на АНТ выйшаў сюжэт, сем'і запрасілі на новую сустрэчу і паведамілі, што садок працягне працаваць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲