У Гомельскай вобласці мужчына выратаваў птушку з Чырвонай кнігі
- 4.11.2026, 13:10
Яе выпусцілі на возеры Святым.
У Гомельскай вобласці мужчына выратаваў птушку, якая сядзела на абочыне і не магла ўзляцець. Высветлілася, што гэта рэдкі від птаства. Пра незвычайную гісторыю расказаў ОСВОД.
Мужчына, які заўважыў птушку на абочыне, паведаміў пра знаходку спецыялістам. Высветлілася, што гэта чарназобая гагара, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Птушка апынулася здаровай. Яе выпусцілі на возеры Святым, дзе яна зможа вярнуцца да звыклага жыцця.
Чарназобыя гагары ахоўваюцца з-за нізкай колькасці (у 2012 годзе ў нашай краіне налічвалася некалькі дзясяткаў пар такіх птушак) і ўразлівасці падчас гнездавання.
Праз Беларусь праходзяць шляхі міграцыі гэтых птушак, вясной і восенню іх можна сустрэць практычна ў любой кропцы краіны, зімуюць жа гагары на поўдні Еўропы, на ўзбярэжжах Чорнага і Азоўскага мораў.