6 лiстапада 2026, Пятніца, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незвычайная перамога дэмакратаў: пяць цікавых фактаў пасля выбараў у ЗША

Незвычайная перамога дэмакратаў: пяць цікавых фактаў пасля выбараў у ЗША
Дональд Трамп

Цяперашняя параза Рэспубліканскай партыі асабліва адчувальная ў некалькіх аспектах.

У ЗША партыя ўлады найбольш часта церпіць непрыемныя паразы на прамежкавых выбарах — так ужо склалася сістэма. Але сёлетнія прамежкавыя выбары азнаменаваліся шэрагам асабліва адчувальных паразаў для Рэспубліканскай партыі прэзідэнта Дональда Трампа. «Белсат» распавядае пра паказальныя моманты.

Прамежкавыя выбары ў ЗША: што варта пра іх ведаць

Прамежкавыя выбары ў ЗША праходзяць паміж прэзідэнцкімі. На іх абіраюць цалкам новы склад Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата Кангрэсу ЗША) і трэцю сенатараў (Сенат — верхняя палата). За рэдкімі выключэннямі партыя прэзідэнта губляе месцы ў Кангрэсе на прамежкавых выбарах. Але цяперашняя параза Рэспубліканскай партыі асабліва адчувальная у некалькіх аспектах і істотна б’е па будучыні прэзідэнта Дональда Трампа.

Тэхас больш не «чырвоны»?

Выбары сенатара ад Тэхасу былі асабліва медыйнымі. Гэта другі паводле насельніцтва штат ЗША, і ён лічыцца «чырвоным» — такім, які надзейна галасуе за рэспубліканцаў. Напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах Тэхас апошні раз галасаваў за дэмакрата ў 1976 годзе, а на пасады, якія абіраюцца ўсім Тэхасам, дэмакрат апошні раз трапляў у 1994‑м.

На выбарах у Сенат кансерватыўнаму рэспубліканцу, генеральнаму пракурору штата Кену Пэкстану супрацьстаяў малады дэпутат тэхаскага парламента, дэмакрат-папуліст Джэймс Таларыка. Па невядомых прычынах Пэкстан вёў непрыкметную перадвыбарчую кампанію, у якой рабіў акцэнт на маскуліннасці — абвінавачваў апанента ў тым, што ў таго мала тэстастэрону. Адной з магчымых прычын няўдалай кампаніі Пэкстана бачаць тое, што ён перажываў цяжкі развод — жонка абвінавачвала яго ў здрадзе. Але і аднапартыйцы не надта дапамагалі Пэкстану сваёй рыторыкай. Амаль галоўнай прэтэнзіяй да Таларыкі рабілі тое, што ён нібыта... веган (а ён еў мяса). Прэзідэнт жа скрыўляў прозвішча Таларыка як Tala-freako — «Тала — вырадак».

Гэтыя выбары сталі самымі дарагімі выбарамі сенатара ў гісторыі ЗША: на кампаніі двух кандыдатаў выдаткавалі сумарна звыш $500 млн. Але калі ў кампанію Пэкстана асноўны ўнёсак зрабілі кансерватыўныя выбарчыя фонды і асабіста мільярдэр Ілон Маск (ён ахвяраваў каля $200 млн), то Таларыка атрымліваў грошы пераважна ад індывідуальных ахвяраванняў простых выбаршчыкаў.

І Сенат — не адзіная параза рэспубліканцаў у Тэхасе. Упершыню з 1990 года губернатарам штата стане дэмакрат — дакладней, дэмакратка Джына Інахоса, якая з істотным адрывам перамагае дзеючага губернатара-рэспубліканца і стала першай лацінаамерыканкай на гэтай пасадзе. Новым генеральным пракурорам штата таксама стане дэмакрат. Рэспубліканцы пацярпелі паразу і на шэрагу іншых тэхаскіх выбараў.

Калі Тэхас застанецца такім жа «сінім» да прэзідэнцкіх выбараў 2028 года, гэта радыкальна зменіць расклад: у складанай сістэме выбараў у ЗША вынікі выбараў у Тэхасе даюць каля 7,4% галасоў за прэзідэнта ў калегіі выбаршчыкаў — 15% ад 270 галасоў, неабходных для перамогі.

Ісламафобія не дапамагла

Яшчэ адны гучныя выбары ў Сенат адбыліся ў Мічыгане. Рэспубліканца Майка Роджэрса перамог дэмакрат-прагрэсівіст Абдул Ас-Саед, чые бацькі родам з Егіпта. Ён стане першым у гісторыі ЗША сенатарам-мусульманінам.

Калі толькі Ас-Саед стаў кандыдатам, яго апаненты запусцілі хвалю антымусульманскай рыторыкі. Ас-Саеда называлі і «тэрарыстам», і «радыкалам», ягоныя апаненты падкрэслівалі яго імя па бацьку: Мухамед. Роджэрс заяўляў, што ас-Саед падтрымлівае тэрарыстаў з «Братоў-мусульман» і мае ад іх фінансаванне. Аднак калі Трамп пачаў называць ас-Саеда «джыхадыстам», Роджэрс адмежаваўся: ніколі такога не казаў, а за словы прэзідэнта не адказвае.

Абдул ас-Саед аказаўся выдатным аратарам і ўпэўнена адказваў на вербальныя напады. Тэма яго паходжання і веравызнання стала, бадай, галоўнай у гэтай кампаніі — і стаўка на ісламафобію не спрацавала. А ў ас-Саеда было што сказаць выбаршчыкам пра іхныя праблемы — ад аховы здароўя да пагроз ад штучнага інтэлекту.

Мічыган — не «чырвоны» штат, як Тэхас, а «сіня-фіялетавы», таму перамога дэмакрата не такая сенсацыйная. Аднак Ас-Саед — прадстаўнік левага крыла Дэмакратычнай партыі, які перамог не ў «бяспечным», а ў канкурэнтным штаце, што можа натхніць прагрэсіўнае крыло дэмакратаў.

Акрамя таго, губернатарам Мічыгана зноў была абраная дэмакратка, а на выбарах у Палату прадстаўнікоў Дэмакратычная партыя ўтрымала выбарчыя акругі, на якія мелі надзеі рэспубліканцы.

Шырокае «сіняе цунамі»: Агаё, Канзас, Паўднёвая Караліна…

Рэспубліканцы пацярпелі паразы яшчэ ў шэрагу «чырвоных» штатаў. Прайгралі ў тым ліку і кандыдаты, адабраныя і падтрыманыя асабіста Трампам.

У Агаё дэмакратка Эмі Эктан перамагла на выбарах губернатара мільярдэра-рэспубліканца Вівека Рамасвамі — блізкага саюзніка Трампа, якому прэзідэнт нават даручыў быць су-кіраўніком Дэпартамента ўрадавой эфектыўнасці (DOGE) разам з Маскам. Рамасвамі адмовіўся ад працы ў DOGE, каб сфакусавацца на выбарах губернатара. Але зрабіў мноства памылак, уключаючы выкарыстанне ў кампаніі маці Эктан, якая агітавала супраць сваёй дачкі. Высветлілася, што маці кінула дачку і засталася разам з айчымам, якога абвінавацілі ў згвалтаванні яе ж дачкі. Акрамя таго, дэмакрат Шэрод Браўн вярнуўся ў Сенат, змясціўшы дзеючага сенатара-рэспубліканца ад Агаё.

У Канзасе дэмакрат Адам Гамільтан адціснуў дзеючага сенатара-рэспубліканца, а апошні раз прадстаўнік Дэмакратычнай партыі перамагаў на канзаскіх выбарах у Сенат ЗША ў 1932 годзе. І губернатарам штата, верагодна, стане дэмакратка Сіндзі Гольшэр.

У вельмі «чырвонай» Паўднёвай Караліне на выбарах у Сенат нечакана перамагла дэмакратка Эні Эндрус. А на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Трамп там перамог з велізарным, паводле амерыканскіх мер, адрывам у 18 працэнтных пунктаў.

На выбарах у Сенат дэмакраты «адбралі» ў рэспубліканцаў мандаты таксама ў Аёве, Місісіпі, Мэне (а там дэмакратам давялося мяняць кандыдата з-за сэксуальнага скандалу), Паўночнай Караліне, а пасады губернатараў — таксама на Алясцы, у Аёве, Джорджыі, Невадзе.

Кепка VETO замест MAGA: Трамп абяцае супрацоўніцтва з дэмакратамі — і пагражае вета

Дэмакратычная партыя не атрымае абсалютнага кантролю над Кангрэсам: у Сенатзе дэмакраты атрымаюць ад 54 да 56 месцаў. А патрэбна 60 з 100, каб пераадолець так званы філібастар — сабатаж абмеркавання законапраектаў. І каб зняць федэральнага службоўца з пасады ў выніку імпічменту, патрэбна 67 галасоў у Сенатзе. Не выключана, што наберуцца дастатковыя галасы, каб зняць непапулярнага міністра абароны Піта Хегсэта (але ён можа пакінуць пасаду і да патэнцыйна ганебнага імпічменту). Але наўрад ці адхіленне ад пасады пагражае Дональду Трампу.

Сам Трамп плануе стаць «містарам вета» і рабіць усё магчымае, каб не даць дэмакратам прасунуць свае ініцыятывы, а таксама каб прасунуць тое, што ён можа зрабіць як прэзідэнт пры апазіцыйным Кангрэсе. Таму асноўнай мэтай дэмакратаў цяпер бачаць стварэнне пасылу да прэзідэнцкіх выбараў 2028 года з дапамогай законапраектаў і гучных расследаванняў.

Пры гэтым Трамп можа стаць больш актыўным у знешняй палітыцы, у якой роля парламента другасная. Але апазіцыйны Кангрэс можа фактычна спыняць фінансаванне гарачых войнаў і супрацьстаяць гандлёвым войнам.

Справа нават не ў вайне з Іранам і цэнах на паліва?

Рэспубліканцы цяпер спрабуюць асэнсаваць, што пайшло не так. Простым адказам была б непапулярная вайна з Іранам, якая не скончылася перамогай ніводнага боку, але моцна падняла цэны на паліва, крытычна важныя для «аўтамабілезалежнай» нацыі. Але адказ больш складаны.

Злучаныя Штаты ў поўнай меры ўступілі ў вайну Ізраіля з Іранам 28 лютага 2026 года. Рэйтынгі Трампа падалі і да таго, не абваліліся рэзка пасля нейкага з іранскіх удараў або росту цэн на дызельнае паліва да нейкай псіхалагічнай мяжы — проста ішлі ўніз, а шанцы дэмакратаў на перамогу — угору.

Паводле апытанняў, выбаршчыкі ў ЗША пераважна незадаволеныя тым, як сёння абстаяць справы ў краіне, і ў топе тэм, што іх хвалююць, не толькі эканоміка і інфляцыя, але і стан дэмакратыі, і ўспрыняцце карупцыі. Больш за дзве траціны выбаршчыкаў лічылі, што дзеянні Трампа пагоршылі стан эканомікі, а больш за палову не бачаць у Трампе моцнага лідара, які змагаецца за свой народ.

Перад выбарамі Трамп заклікаў галасаваць так, нібы ў бюлетэні не яго партыя, а ён сам. Цяпер жа кажа: вось калі б ён быў у бюлетэні, гэта была б разгромная перамога. Сумневы ў гэтым могуць прымусіць Рэспубліканскую партыю пераасэнсаваць сябе і трампаўскі рух MAGA, ужо цяпер запусціць інтэнсіўную ўнутрыпартыйную барацьбу перад прэзідэнцкімі выбарамі 2028 года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲