8 лiстапада 2026, Нядзеля, 15:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Guardian: Адкрываецца новы фронт вайны ва Украіне

The Guardian: Адкрываецца новы фронт вайны ва Украіне
Фота: GomSpace Group AB

Кіеў стварае ўласную альтэрнатыву Starlink і супрацьспадарожнікавае ўзбраенне.

Касмас становіцца новым фронтам расійска-ўкраінскай вайны: спадарожнікі забяспечваюць сувязь, разведку і навядзенне ўзбраення, а абодва бакі шукаюць спосабы парушыць працу касмічнай інфраструктуры праціўніка. Украіна стварае ўласную спадарожнікавую сетку, распрацоўвае сродкі перахопу мэт па-за межамі атмасферы і наносіць удары па расійскіх прадпрыемствах, неабходных для запуску спадарожнікаў, піша The Guardian (пераклад — сайт Charter97.org).

Адзін з такіх удараў — атака двума ракетамі «Фламінга» па ракетна-касмічным цэнтры «Прагрэс» у Самары 15 жніўня. Былі пашкоджаныя будынкі, уключаючы цэх 106А, дзе збіраюць электронныя кампаненты і сістэмы кіравання для ракет-носьбітаў «Саюз-2». Менавіта яны выкарыстоўваюцца для разгортвання расійскай спадарожнікавай сеткі «Рассвет», закліканай стаць альтэрнатывай Starlink.

Масква, у сваю чаргу, выкарыстоўвае спадарожнікі для сачэння за замежнымі апаратамі. У прыватнасці, расійскі «Космас-2612» выконваў небяспечныя манеўры паблізу камерцыйнага спадарожніка фінскай кампаніі Iceye, які перадае ўкраінскім вайскоўцам радыёлакацыйныя здымкі мясцовасці. Расія таксама выкарыстоўвае глушэнне сігналаў, лазернае асляпленне спадарожнікаў і апараты-інспектары для назірання за чужымі аб'ектамі.

«Мы ўжо жывём у гэтай будучыні», — заявіла экспертка па касмічнай бяспецы Алена Гросфельд, гаворачы пра ператварэнне касмасу ў ваенную арэну.

Тым часам Украіна разам з дацкай кампаніяй GomSpace запусціла тэставы спадарожнік Obria Nano — першы апарат будучай нацыянальнай сеткі сувязі, якая можа ўключаць каля 245 спадарожнікаў.

Акрамя таго, Кіеў правёў не менш як тры выпрабаванні сістэм перахопу мэт у блізкім касмасе, у тым ліку для супрацьдзеяння расійскім ракетам «Арэшнік». Галоўнай перашкодай для далейшай распрацоўкі застаецца фінансаванне на фоне велізарных выдаткаў на вайну.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲