«Хаджэнне па пакутах»: як беларуска засялялася ў санаторый «Буг»
- 8.11.2026, 19:08
Каб трапіць у нумар, адпачывальніцы давялося прайсці восем «інстанцый».
Беларуска Галіна нядаўна адпачывала ў санаторыі «Буг» у Жабінкаўскім раёне. Жанчына ўжо вярнулася дадому, аднак і дасюль узгадвае працэс засялення. Пра тое, як ёй давялося абысці восем «інстанцый», перш чым атрымаць ключы ад нумара, яна расказала ў TikTok.
Паводле слоў Галіны, засяленне пачыналася а 12:00. У санаторый яна, відаць, прыехала разам з дачкой. Пуцёўку сям'я набыла на восем дзён, а дабіралася да аздараўніцы на аўтамабілі.
— Адразу прыязджаем, у рэгістратуру заходзім. У рэгістратуры, бо засяленне да 12 гадзін, ужо сядзіць чарга. Мы прыблізна прыехалі ў 11:30. Людзей не зусім шмат, хачу сказаць, але ўсё роўна давялося пачакаць, — апісвае беларуска пачатак засялення. — Адстаялі ў чарзе, трапляем у рэгістратуру.
Пасля запаўнення дакументаў жанчын накіравалі ў аддзел маркетынгу, дзе таксама давялося чакаць. Там яны падпісалі дагавор, а затым накіраваліся ў касу аплачваць пуцёўкі. Перад касай таксама ўтварылася чарга.
— Добра, што ўсё на адным паверсе, — удакладняе Галіна.
У касе жанчын абслужылі хутка. Паколькі пуцёўка была «гарачай», асноўную суму яны ўнеслі загадзя. На месцы заставалася аплаціць толькі санаторны збор.
— З касы нас накіроўваюць да медсястры. Медсястра знаходзіцца ў першым корпусе. Гэтая медсястра прызначае лячачага лекара-тэрапеўта, — працягвае аўтарка роліка. — Ідзём шукаць свайго лячачага лекара. Ён знаходзіцца ў лячэбным корпусе.
Лячэбны корпус размешчаны ў асобным будынку.
— Добра, што я ў гэтым санаторыі была і хутка арыентуюся, — кажа беларуска. — Калі чалавек прыехаў упершыню, гэта вельмі стамляе.
Пасля наведвання тэрапеўта жанчынам трэба было зайсці ў «сталоўку», каб выбраць час харчавання і атрымаць столік.
— Далей ад «сталоўкі» зноў вяртаемся ў рэгістратуру, забіраем ключы ад нумара, — распавядае Галіна.
Але і пасля атрымання ключоў іх «хаджэнні» не скончыліся. Жанчынам трэба было наведаць яшчэ аднаго спецыяліста, які павінен быў скласці расклад працэдур.
Такім чынам, каб засяліцца ў нумар, ім давялося абысці восем розных «інстанцый».
Галіна вырашыла публічна расказаць пра свой досвед, каб супрацоўнікі «Буга» звярнулі ўвагу на гэтае «хаджэнне па пакутах» і спрасцілі працэдуру засялення. Паводле яе слоў, дзеля паездкі ў санаторый яна выехала з дому раніцай і на момант прыбыцця ўжо адчувала стому.
— Людзі ўвогуле некаторыя цягнікамі дабіраюцца, — адзначыла жанчына, даўшы зразумець, што пасля доўгай дарогі адпачывальнікі наўрад ці хочуць траціць столькі сіл на тое, каб атрымаць ключы.
Беларуска спадзяецца, што супрацоўнікі санаторыя пачуюць яе заўвагі.