Дыктатуры трэба выкарчаваць пад корань
1- Аляксандр Каваленка
- 28.02.2026, 22:10
- 6,510
Папярэдзіць маштабнае крывапраліцце заўсёды лягчэй у зародку.
Увесь свет абляцела відэа прыляту іранскага дрона ў шматпавярхоўку ў Бахрэне. «Сардэчна запрашаем» у свет дыктатуры.
Прыкладна так выглядае сітуацыя, калі побач з табой, на адлегласці працягнутай рукі, дзесяцігоддзямі бесперашкодна існуе дыктатура. Яна развіваецца, назапашвае патэнцыял, узбройваецца, дапамагае іншым дыктатурам забіваць і распаўсюджваць генацыд. І раптам у пэўны момант ты разумееш, што вайна за тысячы кіламетраў ад твайго дома, якая цягнецца гадамі, — гэта твая вайна…
Бо твой сусед — гэта тыранія і дыктатура, што жыве за кошт пакут і смерцяў.
Магчыма, гэта прагучыць цынічна і жорстка. Але тое, што мы цяпер бачым на Блізкім Усходзе, было прадказальным, але дзесяцігоддзямі ігнаравалася міжнароднай супольнасцю. Калі тыранію і дыктатуру можна было задушыць у зародку, гэтага не рабілі. А калі склаліся пэўныя ўмовы — на гэта трацяцца куды большыя рэсурсы: і эканамічныя, і тэхналагічныя, і чалавечыя.
Аналагічныя праблемы мы можам назіраць і з КНДР, з Кубай і шэрагам іншых тыраній і неадыктатур. Лукашэнку — асаблівае прывітанне.
Пра што гэтая нататка, калі хтосьці так і не зразумеў?
А яна пра тое, што Shahed-136, якія ўжо чатыры гады тэрарызуюць Украіну і забіваюць украінцаў, у пэўны момант будуць забіваць жыхароў Бахрэйна, Абу-Дабі і не толькі. Балістычныя ракеты KN-23, што ўвесь гэты час забівалі ўкраінцаў, у пэўны момант могуць пачаць забіваць паўднёвакарэйцаў, тайванцаў і не толькі. Ракеты 9М723 і Герань-2 пачнуць забіваць еўрапейцаў.
Тыраніі ў свеце павінны быць выкарчаваныя пад корань. Агнём і мячом.
Але рашучыя дзеянні даюць сябе чакаць да таго моманту, пакуль самі забойствы не пачнуцца.
На жаль, рэаліі такія. Папярэдзіць маштабнае крывапраліцце заўсёды лягчэй у зародку, чым душыць крыважэрную пачвару, што вырасла на ўрадлівай глебе.
Але ў большасці выпадкаў гэтага не робяць з-за пасіўнасці, бясхрыбетнасці і трусасці… А таксама з-за нежадання браць на сябе адказнасць.
Як я напісаў год таму: «Новы цудоўны свет распасцёрвае свае абдымкі!»
Аляксандр Каваленка, Telegram