Да Беларусі рухаецца халодны фронт цыклону
6- 1.03.2026, 21:46
- 11,318
Якое надвор'е ён прынясе?
Да заходніх межаў Беларусі падышоў, як бачна са спадарожніка, расплыўчаты халодны фронт цыклону, цэнтр якога «Н» цяпер над Фінляндыяй. Фронт цягам ночы працягне рухацца на ўсход, у глыб нашай краіны, аднак, акрамя павелічэння воблачнасці, нічога з сабой не прынясе.
За фронтам на нашу тэрыторыю пачне паступаць крыху больш прахалоднае паветра з р-на Балтыйскага мора. Заўтра па-ранейшаму цёпла, але на два–чатыры градусы будзе халадней. Максімальныя тэмпературы ўдзень: на поўначы +2..+5°, у цэнтры +6..+8°, на поўдні да +10°.

Да вечара паўночна-ўсходняя частка Беларусі апынецца ў тылавай частцы вышэйзгаданага цыклону «Н», які да гэтага часу перамесціцца ў р-н Ніжняга Ноўгарада, РФ. Тут увечары і ў ноч на аўторак магчымыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу пры тэмпературы -1..+1°.
