На Кіпры эвакуявалі аэрапорт з-за пагрозы дрона
- 2.03.2026, 14:43
- 1,800
Скасавалі дзясяткі рэйсаў.
Аэрапорт Пафаса на Кіпры эвакуявалі пасля таго, як радары зафіксавалі невядомы аб’ект, які, верагодна, быў дроном.
Пра гэта паведамляе дзяржаўны вяшчальнік Кіпра RIK.
Адзначаецца, што а 12:25 па мясцовым часе ў аэрапорце Пафаса была абвешчана трывога, бо радары зафіксавалі падазроны дрон над аэрапортам.
Адміністрацыя аэрапорта дала ўказанне эвакуіраваць як пасажыраў, так і персанал.
Падрабязнасцяў пра паходжанне аб’екта пакуль не ўдакладняюць. Інфармацыя пра дрон над аэрапортам з’явілася пасля таго, як на Кіпры прагучала сірына, а знішчальнікі на авіябазе Каралеўскіх Ваенна-паветраных сіл Акратыры былі ўзнятыя ў паветра.
У той жа час па ўсім Кіпры ў цэлым было скасавана 60 авіярэйсаў з-за нестабільнай сітуацыі ў рэгіёне. З іх — 42 рэйсы з аэрапорта Ларнакі, а 18 — з Пафаса.