Стралок, які ўварваўся на вячэру з Трампам, адправіў маніфест перад нападам
10- 26.04.2026, 21:25
- 3,608
У ім ён апісаў мэты і матывы нападу.
Мужчына, які пачаў стральбу на ўрачыстым прыёме Асацыяцыі карэспандэнтаў пры Белым доме ў гатэлі Washington Hilton, дзе прысутнічаў і Дональд Трамп, за 10 хвілін да нападу даслаў членам сям’і Трампа свой маніфест. Яго тэкст апублікавала выданне The New York Post.
Падазраванага завуць Коул Томас Ален. Гэта 31‑гадовы настаўнік і распрацоўшчык гульняў з Каліфорніі, раней ён не трапляў у поле зроку паліцыі. У маніфесце ён назваў сябе «дружалюбным федэральным асасінам» і патлумачыў свае матывы.
«Я грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі. Тое, што робяць мае прадстаўнікі, адбіваецца на мне. І я больш не хачу дазваляць педафілу, гвалтаўніку і здрадніку пакрываць мае рукі яго злачынствамі. (Ну, калі быць зусім шчырым, я перастаў гэтага хацець даўно, але гэта першая рэальная магчымасць, якая ў мяне з’явілася, каб нешта з гэтым зрабіць)», — напісана ў маніфесце.
Далей мужчына апісаў «правілы вядзення бою». Там адзначаецца, што яго мэтамі з’яўляюцца чыноўнікі адміністрацыі Трампа: «прыярытэт ад вышэйшых па рангу да ніжэйшых». Гасцей і супрацоўнікаў гатэля ён не збіраўся чапаць. Але, піша, што калі б гэта было неабходна, каб дабрацца да мэт, то пацярпелі б і іншыя людзі — «на той падставе, што большасць людзей вырашылі наведаць прамову педафіла, гвалтаўніка і здрадніка і, такім чынам, з’яўляюцца саўдзельнікамі».
Стралок напісаў і пра недастаткова строгі кантроль на прыёме.
«Якага ляда робіць Сакрэтная служба? (…) Вось, я чакаў камер відэаназірання на кожным кроку, праслухоўвання ў нумарах гатэля, узброеных агентаў кожныя 10 футаў, металашукальнікаў на кожным куце. Тое, што я атрымаў (хто ведае, можа, яны мяне разыгрываюць!) — гэта нічога. Ніякай чортавай бяспекі. Ні падчас перамяшчэння. Ні ў гатэлі. Ні на самім мерапрыемстве.
Вось адзінае, што я адразу заўважыў, калі ўваходзіў у гатэль, — гэта пачуццё бахвальства. Я заходжу з вялікай колькасцю зброі, і ні адзін чалавек там нават не дапускае думкі, што я магу быць пагрозай».
Нападніка затрымалі на месцы.
Улады пацвердзілі, што Ален набыў два пісталеты і дробавік і захоўваў іх у доме сваіх бацькоў. Ён рэгулярна трэніраваўся на стральбішчы.
Сакрэтная служба апытала сястру Алена, якая жыве ў Роквіле, штат Мэрыленд, і даведалася, што ён часта выказваў радыкальныя палітычныя погляды і казаў пра тое, каб зрабіць «нешта», каб выправіць праблемы свету.
Брат Алена паведаміў у паліцэйскае ўпраўленне пра маніфест.