Намеснік міністра замежных спраў Польшчы: Анджэй Пачобут выйдзе з бальніцы ў бліжэйшыя дні
- 1.05.2026, 13:25
Стан здароўя былога вязня рэжыму Лукашэнкі палепшыўся.
«Анджэй Пачобут знаходзіцца ў усё лепшым стане. Выпіска з бальніцы можа адбыцца ў бліжэйшыя дні», — паведаміў у праграме «Госць ранку» на TVP Info намеснік міністра замежных спраў Марцін Босацкі.
У пачатку размовы закранулі тэму Анджэя Пачобута, які пасля многіх гадоў утрымання беларускім рэжымам вярнуўся ў Польшчу. Яго шпіталізавалі, і ён ужо некалькі дзясяткаў гадзін знаходзіцца ў бальніцы.
— Калі ён выйдзе? Дакладна не ведаю, але ведаю, што яго стан паляпшаецца. Выпіска можа адбыцца ў бліжэйшыя дні, — перадаў Босацкі.
Пасля поўнага аднаўлення Пачобут павінен таксама атрымаць дзяржаўную ўзнагароду з рук прэзідэнта. Гэта адбудзецца ў суботу, 2 мая?
— Гэта залежыць ад самога Анджэя і ад лекараў. Не здзіўлюся, калі гэта адбудзецца 2 мая, але, магчыма, гэта будзе на наступным тыдні. Я ведаю, што прэзідэнт Кароль Навроцкі цвёрда мае намер у бліжэйшыя дні ўручыць Анджэю Пачобуту вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Рэспублікі Польшчы, — дадаў намеснік міністра замежных спраў.
Нагадаем, Анджэй Пачобут выйшаў на свабоду у выніку абмену на беларуска-польскай мяжы па формуле «пяць на пяць».
У лютым 2023 года суд у Гродне прыгаварыў Анджэя Пачобута да 8 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК) і закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (артыкул 361-3 КК).
Анджэя некалькі разоў змяшчалі ў ПКТ у Наваполацкай калоніі. У зняволенні ён моцна схуднеў, перанёс аперацыю па выдаленні язваў на скуры. У кастрычніку 2025 года ён завочна атрымаў Прэмію Сахарава, у лістападзе ён атрымаў вышэйшую ўзнагароду Польшчы — ордэн Белага Арла.
У 2024 годзе Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы.