Анджэй Пачобут: Я патрэбны ў Беларусі
1- 10.05.2026, 19:12
- 1,036
ФОТА: PAWEŁ SUPERNAK /PAP
Былы палітвязень распавёў, чаму гатовы вярнуцца, нягледзячы на рызыку новага арышту.
Былы палітвязень, адзін з лідараў Саюза палякаў Анджэй Пачобут хоча вярнуцца ў Беларусь, бо лічыць, што ад яго рашэння залежыць лёс гэтай арганізацыі. Пра гэта ён распавёў журналістам польскага рэсурсу Kanał Zero ў інтэрв'ю, якое даў з бальнічнага ложка, заўважыла «Зеркало».
— Сутнасць справы такая, што так званая мая крымінальная справа, усё гэта [што адбылося са мной], — справа не толькі пра мяне ва ўсім гэтым, — сказаў Пачобут.
— Справа ў Саюзе палякаў, справа ў паляках, справа ў польскай меншасці ў Беларусі. Я там патрэбны.
— І як дапаможаш? — спытала яго журналістка Арлета Бойке.
— Прашу звярнуць увагу на факт, што з усіх [грамадскіх недзяржаўных] арганізацый, якія дзейнічалі ў Беларусі [да пачатку масавых рэпрэсій], выжыў толькі Саюз палякаў. Чаму? Таму што людзі не з'ехалі, а засталіся, засталося кіраўніцтва. Мы з Анжалікай [Борыс, экс-кіраўніцай Саюза палякаў] адмовіліся з'язджаць, знаходзячыся за кратамі, іншыя сябры адмовіліся з'яжджаць і не паддаліся рэпрэсіям, знаходзячыся там. То-бок, калі там ёсць людзі, якія гатовыя ахвяраваць сваёй свабодай дзеля таго, каб гэтая арганізацыя існавала, каб магла дзейнічаць, гэта прыносіць вынік. Таму трэба так гэта разумець. Не варта глядзець на маю справу толькі праз прызму майго асабістага лёсу.
— А калі зноў апынешся за кратамі?
— Зноў-такі, гэта погляд на сітуацыю з пункту гледжання майго асабістага лёсу. А калі паглядзець на справу ў кантэксце польскай меншасці, Саюза палякаў у Беларусі і гэтак далей… Я цвёрда перакананы, што праз тое, што я вядомы ў Польшчы, у свеце, у мяне ў Беларусі большая абарона. У дачыненні да мяне яны могуць сабе дазволіць меней, чым у дачыненні да нашых шараговых сябраў, асабліва тых, хто працуе «на зямлі». І пакуль я ў Беларусі — не важна, за кратамі ці не, — я здольны абараняць Саюз палякаў.
— А можаш растлумачыць тым, хто не разумее, што ты там хочаш зрабіць? Табе здаецца, што можна нешта зрабіць пры тым рэжыме, які цяпер там кіруе, які цяпер яшчэ больш жорсткі, чым тады, калі цябе саджалі за краты?
— Я ўжо сказаў, гэта [мая прысутнасць] ужо спрацавала, бо Саюз палякаў існуе. Нічога няма, ніводная [іншая] структура не выжыла, і гэта было вынікам менавіта таго, што мы былі за кратамі. Саюз палякаў ні на адзін дзень не спыняў сваёй дзейнасці, нягледзячы на ўсе гэтыя рэпрэсіі. Так, яна была абмежаваная. Было, скажам, 8 тысяч дзяцей, якія вучыліся ў школе [на польскай мове] — цяпер, можа, тысяча, можа, менш, дакладныя дадзеныя можна высветліць.
Але гэтыя дзеці вучацца польскай мове. Гэта цяпер адзіная магчымасць у Беларусі вывучыць польскую мову. З польскай меншасцю можа паўтарыцца сітуацыя, якая была да 1988 года на гэтых тэрыторыях — калі ўвогуле не было ніякага вывучэння польскай мовы, нічога не было. <�…>
Усе запалоханыя. Калі б мы з'ехалі ў 2021 годзе, паверце, арганізацыі б не было, нічога б не засталося. А так — ёсць. Хай і абмежаваная, гэта не тая дзейнасць, што была да 2020 года. Вакол Саюза праведзены чырвоныя лініі, і не дай бог выйдзеш за іх — могуць наступіць рэпрэсіі. Ёсць разуменне гэтага балансу, гэтай цяжкай сітуацыі.
Мая прысутнасць там патрэбная ўсім тым людзям, якія свядома рызыкуюць, і тое, што я быў у зняволенні, таксама надавала ім падтрымкі — тое, што я не здаюся, і яны не павінны здавацца.
Я веру, што па такім прынцыпе гэта будзе працаваць. А калі мяне арыштуюць, дык нашмат большая ўвага будзе да гэтай гісторыі, чым да лакальных актывістаў. Акрамя таго, я маральна і псіхалагічна гатовы да таго, што мяне можа чакаць, а чалавек, у якога няма такога досведу, у больш складанай сітуацыі.
— А за кратамі за ўсе гэтыя пяць гадоў ты калі-небудзь быў блізка да таго, каб здацца?
— Абсалютна не, не-не. Такога не было нават у самых цяжкіх сітуацыях. Я, хутчэй, быў у сітуацыі, калі думаў, што здароўе не вытрымае і што магу загінуць. Што магу не выйсці з турмы. Такія думкі былі, але здавацца — не.