Уламкі расійскай касмічнай ракеты могуць упасці на Польшчу
1- 16.05.2026, 8:59
- 2,064
З 16 па 17 мая.
Польскае касмічнае агенцтва POLSA папярэдзіла, што частка расійскай ракеты — модуль «Фрэгат» вагой каля 1 тоны — можа ўвайсці ў атмасферу над тэрыторыяй Польшчы з 16 па 17 мая. Не выключана, што асобныя фрагменты могуць не згарэць і ўпасці на зямлю.
Пра гэта паведамляе POLSA.
Што вядома пра аб’ект
«Фрэгат» — верхняя ступень ракеты-носьбіта «Саюз-2.1б», якую запусцілі ў сакавіку з касмадрома Плясецк. Модуль абсталяваны паліўнымі бакамі і сістэмамі кіравання. Цяпер ён знаходзіцца на арбіце і неўзабаве павінен увайсці ў атмасферу.
Паводле разлікаў POLSA, гэта можа адбыцца паміж 8:43 раніцы 16 мая і 13:49 17 мая паводле польскага часу. Прагназуемая траекторыя ахоплівае значную частку Еўропы.
Ці ёсць пагроза
Спецыялісты не могуць дакладна вызначыць, ці цалкам згарэ аб’ект пры ўваходзе ў атмасферу — праз адсутнасць поўных звестак пра канструкцыю і матэрыялы модуля. Такія сітуацыі здараюцца надзвычай рэдка, але для вялікіх канструкцый сцэнар падзення фрагментаў не выключаецца.
POLSA заклікае пазбягаць дэзінфармацыі і абапірацца толькі на пацверджаныя даныя — разлікі могуць змяняцца нават за некалькі гадзін да ўваходу аб’екта ў атмасферу.