У Бабруйску аўтамабіль BMW, ухіляючыся ад сутыкнення, знёс арку жылога дома
1- 17.05.2026, 20:36
- 1,358
Фотафакт.
Моцная аварыя адбылася ў Бабруйску 17 мая. Кіроўца BMW, ухіляючыся ад сутыкнення, знёс арку жылога дома. Другі ўдзельнік ДТЗ, які быў за рулём Volkswagen Polo, паводле папярэдніх звестак, выехаў на перакрыжаванне на чырвонае святло, паведамляе komkur.info.
Аварыя адбылася на перакрыжаванні Мінскай і Сацыялістычнай вуліц.
Стараючыся пазбегнуць удару, кіроўца BMW выехаў з праезнай часткі на тратуар, знёс ліхтар, дарожны знак, дрэва і частку аркі трохпавярховага жылога дома. Па шчаслівым збегу абставін ніхто з пешаходаў не пацярпеў.

Як распавёў сам кіроўца, ён рухаўся па Мінскай у бок «белай царквы», на зялёнае святло. Хуткасны рэжым не парушаў. На перакрыжаванні з Сацыялістычнай наперарэз яго аўтамабілю выехаў VW Polo. Яго кіроўцу гарэў «чырвоны». Гэтую версію пацвердзілі і відавочцы, якія знаходзіліся на месцы аварыі.

Кіроўцам VW быў пажылы мужчына. Ні ён, ні кіроўца BMW не пацярпелі.
У абедзвюх іншамарках спрацавалі падушкі бяспекі.

Калі «Пола» яшчэ можна адрамантаваць, то BMW, хутчэй за ўсё, аднаўленню не падлягае. Прэміяльны нямецкі седан апынуўся літаральна пахаваны пад фрагментамі брамы дома пабудовы 1950-х гадоў. Сама арка цалкам разбурана.
