18 траўня 2026, панядзелак, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На расійскія ваенныя караблі пачалі ўсталёўваць «мангалы»

3
На расійскія ваенныя караблі пачалі ўсталёўваць «мангалы»

Для абароны ад дронаў.

Расійскі ваенна-марскі флот пачаў абараняць караблі ад украінскіх дронаў «мангаламі» — металічнымі навесамі, якія раней усталёўвалі на танкі і бранятэхніку. Фота канструкцый апублікавалі z-блогеры. У тым ліку «мангалы» з’явіліся на супрацьдыверсійным катэры праекта 21980 «Грачонок» Чарнаморскага флоту і на памежных вартавых караблях праекта 22460 «Охотник», што патрулююць акваторыю ў раёне Крымскага моста.

«Закупілі матэрыялы, каб накрыць карабель (і не адзін, дарэчы) сеткай-рабіцай. Вонкавы фугасны падрыў… дзякуючы аддаленню хаця б на пару метраў дазваляе ўратаваць надбудову і людзей», — напісаў паблік «Два майора». Пры гэтым ён падкрэсліў, што ад усіх тыпаў боепрыпасаў, якія выкарыстоўваюцца ЗСУ, гэта не дапаможа.

Аўтар канала «Осведомитель» назваў усталяванне «мангалаў» на караблі вымушаным рашэннем на фоне няздольнасці Расіі абараніць флот больш сучаснымі сродкамі. Паводле яго слоў, падобныя канструкцыі з’яўляюцца «паўмерай» пры «безрыб’і» і могуць дапамагчы толькі супраць асобных беспілотнікаў з невялікай баявой часткай, аднак гарантый няма, бо многія такія БПЛА абсталёўваюцца сістэмамі дыстанцыйнага падрыву.

«Мангалы» шырока распаўсюдзіліся пасля ўварвання Расіі ва Украіну з-за актыўнага выкарыстання беспілотнікаў на фронце. Першапачаткова такія ахоўныя экраны выраблялі кустарным спосабам для танкаў і іншай цяжкай тэхнікі. На баявых караблях «мангалы» да гэтага часу заўважаныя не былі.

Паводле падлікаў Oryx, пасля пачатку вайны Украіна, не маючы ўласнага флоту, здолела з дапамогай ракет і беспілотнікаў пашкодзіць або знішчыць як мінімум 31 карабель і дзве падлодкі ВМФ Расіі. У тым ліку ЗСУ паразілі вялікія дэсантныя караблі «Оленегорский горняк», «Минск», «Саратов», «Новочеркасск», «Цезарь Куников», «Ямал», «Азов», «Ольшанский» і «Николай Фильченков». Таксама быў знішчаны флагман Чарнаморскага флоту — ракетны крэйсер «Москва».

Восенню 2024 года прадстаўнік ВМС Украіны Дзмітрый Плетэнчук заяўляў, што пасля удараў ЗСУ ў Расіі не засталося баяздольных караблёў у акупаваным Крыме. Спадарожнікавыя здымкі паказвалі, што Чарнаморскі флот сканцэнтраваў уцалелыя судны ў Наварасійску. Аднак гэтая база апынулася пад пагрозай пасля таго, як ЗША і іх саюзнікі дазволілі Украіне выкарыстоўваць далёкабойныя ракеты для ўдараў па Расіі.

Вясной 2026 года ЗСУ паразілі ў Наварасійску фрэгаты «Адмирал Макаров» і «Адмирал Эссен», здольныя несці крылатыя ракеты «Калибр», якія выкарыстоўваюцца для ўдараў па Украіне. На ўзбраенні ВМФ Расіі ёсць усяго тры такія караблі. Крыніца ТАСС у сілавых структурах паведамляла, што «Адмирал Макаров» разглядаўся ў якасці новага флагмана Чарнаморскага флоту пасля страты «Москвы».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках