У Угандзе забаранілі паціскі рук
- 19.05.2026, 18:56
З-за ўспышкі ліхаманкі Эбола.
Міністэрства аховы здароўя Уганды ўвяло часовую забарону на паціскі рук і іншыя формы фізічных прывітанняў па ўсёй краіне. Гэтае рашэнне прынялі пасля пацвярджэння двух выпадкаў заражэння ліхаманкай Эбола, звязаных з цяперашняй успышкай захворвання ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, паведамляе NilePost.
Як патлумачыла прадстаўніца ведамства Дыяна Атвайн, мера накіраваная на прадухіленне далейшага распаўсюджвання віруса. Для адсочвання кантактаў і маніторынгу патэнцыйных ачагоў інфекцыі ўжо разгорнутыя спецыяльныя групы назірання і хуткага рэагавання.
Паводле звестак NilePost, адзін з пацверджаных пацыентаў — грамадзянін Конга — памёр у мусульманскай бальніцы Кібулі ў Угандзе. Другі інфікаваны цяпер праходзіць лячэнне ў ізаляцыйным цэнтры на базе Нацыянальнай спецыялізаванай бальніцы Мулаго.
7 мая ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) паведамілі, што новая ўспышка Эболы адбылася ў паўночна-ўсходняй правінцыі Ітуры Дэмакратычнай Рэспублікі (ДР) Конга, дзе да 16 мая было зафіксавана восем выпадкаў захворвання на вірус Бундыбуджыё, пацверджаных лабараторна, а таксама 246 верагодных выпадкаў і 80 меркаваных смерцяў. Агмені заражэння выявілі прынамсі ў трох зонах — Бунія, Рвампара і Монгбвалу.
Акрамя таго, 15 і 16 мая ў сталіцы Уганды Кампале выявілі двух інфіцыраваных, якія прыбылі з ДР Конга, адзін з якіх памёр. У абодвух дыягназ пацвердзілі лабараторна. У сталіцы ДР Конга Кіншасе 16 мая зафіксавалі яшчэ адзін падазроны выпадак захворвання ў чалавека, які вярнуўся з правінцыі Ітуры, аднак далейшая дыягностыка паказала адмоўны вынік на вірус Бундыбуджыё.
Гемарагічная ліхаманка Эбола — гэта рэдкая, але надзвычай небяспечная вірусная хвароба з высокай смяротнасцю. Яна выклікае моцную ліхаманку, крывацёкі і паражэнне ўнутраных органаў. Перадаецца праз прамы кантакт з крывёю, выдзяленнямі або тканкамі заражаных людзей і жывёл.
Вірус Бундыбуджыё (Bundibugyo virus, BDBV) — адзін з відаў вірусаў Эбола, які выклікае цяжкую гемарагічную ліхаманку ў чалавека.