Такаеў абвясціў Казахстан спадкаемцам Залатой Арды
7- 19.05.2026, 18:28
- 2,166
Залатая Арда кантралявала Маскоўскае княства каля двухсот гадоў.
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што ягоная краіна з’яўляецца спадкаемцай Залатой Арды і заклікаў вывучаць яе палітычную і эканамічную мадэль. Пра гэта ён сказаў на адкрыцці форуму «Залатая Арда як мадэль стэпавай цывілізацыі», перадае Tengrinews. Па словах Такаева, у новай рэдакцыі Канстытуцыі Казахстана замацаваная пераемнасць Вялікага стэпу і яго гістарычнай спадчыны. Такаеў кажа, што ў перыяд росквіту тэрыторыя Улуса Джучы перавышала 6 млн кв. км, у Ардзе налічвалася каля 100 гарадоў, а ўлада дынастыі джучыдаў захоўвалася больш за шэсць стагоддзяў.
Асобна ён звярнуў увагу на грашовую сістэму Арды. «Паводле меркавання спецыялістаў, чаканілася каля 28 млн срэбраных манет. Сімвалічна, што назва нацыянальнай валюты Казахстана — тэнге — паходзіць ад ардынскага «данг», адкуль, верагодна, паходзіць і слова «деньги». Гэта ілюстрацыя таго, што Залатая Арда заклала стандарты грашовых адносін у рэгіёне», — заявіў Такаеў. Нацыянальны банк Казахстана нядаўна выпусціў тысячу срэбраных манет, прысвечаных Залатой Ардзе.
Прэзідэнт адзначыў неабходнасць пераасэнсавання гісторыі Залатой Арды і заклікаў не ператвараць гістарычную спадчыну ў інструмент разладу. Арда ў XIII–XV стагоддзях устанавіла ўладу над значнай часткай рускіх земляў: рускія княствы знаходзіліся ў васальнай залежнасці, плацілі даніну і атрымлівалі дазвол на княжанне ў ханаў. Гэты перыяд часта называюць «ардынскім ярмом». Арда ўплывала на палітычную сістэму княстваў, умешвалася ў іх унутраныя канфлікты. Да канца XV стагоддзя залежнасць аслабла і фактычна спынілася пасля 1480 года, калі Масква перастала плаціць даніну, і Арда страціла кантроль над рускімі землямі.