23 траўня 2026, Субота, 11:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аўчарка была ў захапленні»

«Аўчарка была ў захапленні»
Ілюстрацыйнае фота

Беларуска ў Польшчы фатаграфуе жывёл і ператварае іх партрэты ў дываны.

Ліна (імя зменена) фатаграфуе хатніх жывёл, а потым ператварае іх партрэты ў дываны ручной працы. Ідэя з’явілася выпадкова — як падарунак на дзень нараджэння сяброўкі. Але цяпер у Польшчы, дзе жыве дзяўчына, і мясцовыя жыхары, і імігранты замаўляюць яе працы. Пра тое, як гадаванцы адразу забіраюць такія дываны сабе, чаму для працы важны правільны ракурс і колькі можа каштаваць такі дыван, беларуска распавяла MOST.

Першапачаткова дзве заняткі Ліны — фатаграфія і выраб дываноў — не перасякаліся. Дываны яна спачатку проста дарыла блізкім, а потым пачала атрымліваць і заказы на вырабы з персанажамі мультфільмаў, гульняў, надпісамі; быў нават бела-чырвона-белы сцяг.

Ідэя сумясціць фатаграфію і дываны з’явілася амаль выпадкова.

— Я фатаграфавала таксу маёй сяброўкі — проста трэніравалася для сябе. У мяне тады яшчэ не было камерцыйных фотасесій. Потым набліжаўся яе дзень нараджэння, і я думала, які падарунак зрабіць, каб і сабака, і дыван былі разам. Так усё і з’ядналася.

Ліна называе свой стыль «яркім бязладдзем», якое, тым не менш, выглядае гарманічна.

— Мне падабаецца, калі ў працы шмат колераў, дэталяў, нечага яркага.

Фатаграфаваць жывёл падабаецца больш, чым людзей

Да пераезду ў Польшчу Ліна жыла ў Мінску і падпрацоўвала памочніцай выхавальніка ў дзіцячым садку. У Польшчу яна прыехала пасля 18-годдзя — паступаць ва ўніверсітэт. Зараз дзяўчына заканчвае навучанне па спецыяльнасці, звязанай з інтэрактыўнай графікай і анімацыяй. Апошнім часам яна актыўна рыхтуецца да дыпломных экзаменаў, таму дываны часова адышлі на другі план.

Менавіта ў Польшчы фатаграфія пачала займаць у жыцці Ліны больш месца.

— Раней я фатаграфавала прыроду, нейкія жыццёвыя моманты, вылазкі з сябрамі. Потым пачала рабіць фотасесіі і зразумела, што больш за ўсё мне падабаецца фатаграфаваць менавіта прыроду і жывёл, а не людзей.

Не кожная фатаграфія падыходзіць для дывана

Для будучага дывана важная якасная фатаграфія — з выразнымі лініямі і зразумелымі колерамі.

— Не любая фатаграфія падыходзіць. Трэба, каб па ёй можна было зрабіць эскіз і перанесці яго на дыван. Часам я прашу перазняць фота.

Аднойчы кліентка даслала Ліне фатаграфію старой аўчаркі, на якой у сабакі былі абрэзаныя частка галавы і вуха.

— Гэта была адна з апошніх фатаграфій старой сабакі, і нармальна сфатаграфаваць яе ўжо не атрымлівалася. Давялося думаць, як выкруціцца.

Праўда, часам кліенты спецыяльна замаўляюць фотасесію гадаванца, каб потым перанесці прафесійны здымак на дыван.

Як ствараецца дыван

Спачатку Ліна робіць эскіз — часам сама, часам з дапамогай графічных праграм і штучнага інтэлекту.

Потым выяву з дапамогай праектара пераносяць на тканіну, нацягнутую на драўляную раму.

— Найбольшы памер, які можна замовіць цяпер, — 150 на 150 сантыметраў. Але часцей за ўсё людзі бяруць дываны каля метра.

Далей пачынаецца асноўная праца: спецыяльным тафтынгавым пісталетам дзяўчына «вышывае» дыван ніткамі. Такая тэхніка стварэння дываноў называецца тафтынгам.

— Па сутнасці, пісталет проста ўстаўляе нітку ў тканіну. Усё астатняе я раблю сама.

Пасля гэтага дыван праклейваюць, сушаць каля сутак, выстрыгаюць контуры і падраўноўваюць паверхню. Некаторыя працы дзяўчына робіць з 3D-эфектам.

— Напрыклад, кветкі можна падстрыгчы так, што яны становяцца аб’ёмнымі на дотык.

Аднойчы з-за неўважлівасці Ліне давялося цалкам перарабляць дыван.

— Я забыла адлюстраваць выяву, і ў выніку атрымалася люстэркавая Hello Kitty. Прыкольна, але давялося ўсё перарабляць за свой кошт.

Для працы Ліна выкарыстоўвае ў асноўным акрылавыя ніткі — яны таннейшыя, таму дываны атрымліваюцца даступнейшыя па цане.

«Такса, з якой усё пачалося, пастаянна ляжыць на сваім дыване»

Найбольш дзяўчыне падабаецца рабіць дываны з выявамі жывёл.

— Мне было б вельмі цікава папрацаваць з экзатычнымі жывёламі. Напрыклад, зрабіць доўгі дыван у выглядзе змяі, якая нібы абвівае пакой.

Па словах Ліны, хатнія жывёлы часта адразу «прысвойваюць» такія дываны.

— Такса, з якой усё пачалося, пастаянна ляжыць на сваім дыване. І аўчарка таксама была ў захапленні. Мне здаецца, справа нават не ў тым, што там іх выява. Проста дываны вельмі мяккія, і жывёлам падабаецца на іх спаць.

Фіксаванага прайса ў дзяўчыны няма. Кошт залежыць ад памеру, складанасці малюнка і колькасці колераў. Чым больш дробных дэталяў і колераў, тым больш гадзін працы і вышэйшая цана.

— Некаторыя дываны каштавалі каля 650 злотых (каля 175 долараў). Больш складаныя або вялікія — прыкладна 750−800.

Беларусы падрабязна тлумачаць, чаго хочуць

Сярод кліентаў Ліны прыкладна палова — беларусы, палова — палякі. Па яе назіраннях, да жывёл усе ставяцца аднолькава цёпла, але розніца адчуваецца ў зносінах.

— Беларусы звычайна пішуць вельмі падрабязна і ветліва: вітаюцца, тлумачаць сітуацыю, распавядаюць, для каго заказ. А хтосьці можа напісаць проста: «Хачу букет з півонямі». І далей ужо даводзіцца самой выцягваць дэталі.

Першым вучнем стаў муж

Пакуль дзяўчына не ўпэўненая, ці можна жыць толькі за кошт дываноў і ператварыць іх у паўнавартасны бізнес. Але развіваць праект хоча.

— Я ўжо перарабіла Instagram, думаю далей развіваць брэнд. Можа, нават калі-небудзь навучаць іншых.

Першым вучнем, дарэчы, стаў яе муж. Калі заказаў было занадта шмат, Ліна паказала яму асновы тафтынгу.

— Мы спачатку трэніраваліся проста на тканіне, каб не сапсаваць дыван. А потым я нават дазволіла яму скончыць адзін праект. І ў яго ўсё атрымалася.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках