26 траўня 2026, aўторак, 10:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША тэрмінова шукаюць ключавы метал для ракет Tomahawk і сістэм Patriot

1
ЗША тэрмінова шукаюць ключавы метал для ракет Tomahawk і сістэм Patriot

Вашынгтон мае намер знізіць залежнасць ад гэтага рэсурсу.

Злучаныя Штаты Амерыкі імкліва ўзмацняюць пошук вальфраму — аднаго з найважнейшых металаў для вытворчасці сучаснай зброі — на фоне вычарпання запасаў ракет і боепрыпасаў пасля вайны супраць Ірана. Праблема ўскладняецца тым, што больш за 80% сусветнай вытворчасці гэтага стратэгічнага рэсурсу кантралюе Кітай, піша NBC News.

Вальфрам з'яўляецца крытычна важным кампанентам для ракет Tomahawk, сістэм Patriot, бранябойных снарадаў, знішчальнікаў і бомбаў для знішчэння бункераў. Аднак у ЗША з 2015 года няма ніводнай дзеючай камерцыйнай вальфрамавай шахты, у выніку чаго Вашынгтон гадамі залежаў ад імпарту і перапрацоўкі.

Цяпер, на фоне імклівага выкарыстання высокадакладнай зброі, амерыканскія ўлады вымушаныя тэрмінова шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак. Адным з ключавых кірункаў стала Паўднёвая Карэя, дзе амерыканская кампанія Almonty Industries аднавіла працу шахты Сандон, закрытай больш за 30 гадоў таму праз танную канкурэнцыю з боку Кітая.

Генеральны дырэктар кампаніі Льюіс Блэк назваў вальфрам «вайсковым металам», без якога немагчыма падтрымліваць сучасную абаронную вытворчасць. Паводле яго слоў, у свеце існуе вельмі мала буйных радовішчаў гэтага металу.

Акрамя вайсковай сферы, вальфрам актыўна выкарыстоўваецца ў вытворчасці паўправаднікоў, батарэй і смартфонаў, з-за чаго глабальны попыт толькі расце.

Аналітыкі папярэджваюць, што аднаўленне запасаў ключавых амерыканскіх боепрыпасаў можа заняць да чатырох гадоў. Асаблівую занепакоенасць у Вашынгтоне выклікае патэнцыйны канфлікт з Кітаем, бо Пекін кантралюе не толькі большую частку сусветнай здабычы, але і значную частку перапрацоўкі металу.

У мінулым годзе Кітай ужо ўвёў экспартныя абмежаванні на шэраг крытычна важных мінералаў, уключаючы вальфрам, што прывяло да рэзкага росту цэн на сусветным рынку.

ЗША фактычна вымушаныя зноў ствараць уласную галіну. Паводле слоў Блэка, краіна страціла не толькі шахты, але і спецыялістаў, і тэхналагічны досвед:

«Усе гэтыя веды зніклі яшчэ ў 90-х гадах».

Адміністрацыя Дональда Трампа ужо абвясціла пра стварэнне рэзерву крытычна важных мінералаў на 12 мільярдаў долараў і пра падтрымку новых горназдабыўных праектаў у ЗША і саюзных краінах. Сярод іх — маштабны вальфрамавы завод у Казахстане коштам 1,1 мільярда долараў.

У той жа час эксперты прызнаюць, што нават пры актыўных інвестыцыях з боку Захаду спатрэбяцца дзесяцігоддзі, каб істотна скараціць залежнасць ад Кітая.

«Поўнасцю самадастатковымі менш чым за 20 гадоў вы не станеце», — падкрэсліў Блэк.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках