ВЦИОМ паведаміў пра рост пратэстных настрояў расіян
- 26.05.2026, 16:32
- 1,162
Да максімуму з пачатку вайны.
Індэкс асабістага пратэстнага патэнцыялу расіян, які вымярае дзяржаўны ВЦИОМ, у красавіку дасягнуў максімуму з пачатку вайны ва Украіне — 25 пунктаў. Паказчык расце ўжо чатыры месяцы запар, з 22 пунктаў у студзені, піша «Агенцтва».
Да такога высокага ўзроўню індэкс пратэстнага патэнцыялу не падымаўся з лютага 2022 года, калі ён склаў 27 пунктаў. Ужо да сакавіка 2022 года паказчык апусціўся да 20 пунктаў і з таго часу не падымаўся вышэй 24 пунктаў.
Індэкс паказвае гатоўнасць расіян удзельнічаць у акцыях пратэсту, тлумачыцца на сайце ВЦИОМ: «Чым вышэйшае значэнне індэкса, тым больш рэспандэнтаў дэкларуюць гатоўнасць прыняць удзел у пратэстах».
Рэспандэнтам задавалі пытанне: «Калі ў нашым горадзе/сельскім раёне адбудуцца масавыя выступы супраць падзення ўзроўню жыцця, у абарону сваіх правоў, вы асабіста возьмеце ў іх удзел ці не?». Індэкс разлічваўся праз прысваенне адказу «хутчэй за ўсё так» каэфіцыента 0,9, «хутчэй за ўсё не» — 0,1 пункта, тым, хто не вызначыўся, — 0,5 пункта.
У красавіку 14% рэспандэнтаў сказалі, што, хутчэй за ўсё, возьмуць удзел у пратэстах (доля вырасла на 1 п.п. з сакавіка), 77% сказалі, што, хутчэй за ўсё, не возьмуць удзел у пратэстах (доля з мінулага месяца скарацілася на 2 п.п.).
Сам ВЦИОМ суправадзіў пост пра рост пратэстных настрояў загалоўкам «Не час для пратэстаў».
Павелічэнне пратэстнага патэнцыялу напрыканцы красавіка фіксаваў і незалежны «Левада-Цэнтр». Паводле ягоных звестак, 20% расіян лічаць магчымымі масавыя выступленні супраць падзення ўзроўню жыцця, 14% — пратэсты з палітычнымі патрабаваннямі. Гэта максімум з ліпеня 2024 года.
Рост пратэстных настрояў адбываецца на фоне падзення рэйтынгаў улады, што фіксуюць як незалежны «Левада-Цэнтр», так і дзяржаўны ВЦИОМ і працуючы з Крамлём ФОМ.