На руінах старадаўняй сядзібы пад Віцебскам уладкавалі начны перфарманс
- 29.05.2026, 22:31
У цемры, сярод старога каменя і кінасвятла, знялі незвычайны фэшн-праект.
Сядзіба Свяцкіх пад назвай «Старая Беліца» на гэтым тыдні ўзгадала свае найлепшыя гады. Хоць тут прайшоў не баль, але таксама эфектнае мерапрыемства. У цемры тут уладкавалі фэшн-перфарманс, паведамляе Onlíner.
Сваю калекцыю авангарднай моды так вырашыла прэзентаваць дызайнерка Кацярына Ушал. Гэта яе дыпломная работа. Пры гэтым праект падтрымалі буйныя беларускія брэнды — абутковая кампанія Belwest і касметычная кампанія Belor Design.

Мы пагаварылі з аўтарам ідэі перфармансу, прадзюсарам і стваральнікам відэароліка Ягорам Грыгор'евым:
— Жаданне прыгожа завяршыць навучанне і натхніла спачатку на саму калекцыю, а пасля і на яе здымкі. Ідэя нарадзілася з жадання даследаваць унутраную сілу і ўразлівасць — тую мяжу, якую мы вызначаем на працягу не толькі навучання, але і жыцця. Хацелася стварыць адзенне, якое працуе як браня, але пад якім хаваецца абсалютная пяшчота.

Мы шукалі месца, якое падкрэсліць драматызм калекцыі. Паўразбураная старадаўняя вежа сядзібы ў вёсцы Полымя аказалася ідэальнай. Ноч, суцэльная цемра, руіны і магутнае накіраванае кінасвятло, якое выхоплівала з цемры сілуэты мадэляў. Тое, што трэба, каб паказаць сінтэз грубасці і крохкасці. Так, напрыклад, фактура старога шэрага каменя пераклікалася з шэрай касцюмнай палоскай.
Арганізацыя атрымалася няпростай. Трэба было атрымаць дазвол на выкарыстанне старадаўняй пабудовы плюс арганізаваць усіх у палявых умовах. У закінутай сядзібе няма доступу нават да базавых выгод.
Дарэчы, «Старая Беліца» знаходзіцца ў Сенненскім раёне ў 150 кіламетрах ад Мінска. Яе пабудавалі ў стылі позняга класіцызму на пачатку XIX стагоддзя, але пазней будынак змянялі. Сама мясцовасць належала спачатку Сапегам, а пазней — Свяцкім аж да 1918 года. Тут у канторы Караля Свяцкага працаваў будучы класік беларускай літаратуры Янка Купала.
Ужо пасля Вялікай Айчыннай вайны ў сядзібе размясцілася школа механізатараў. Да 1990-х будынак быў занядбаны і неўзабаве згарэў. Захавалася толькі невялікая частка галоўнага фасада і та самая двух'ярусная вежа. Раней у яе быў асобны ўваход, тут месцілася скульптурная майстэрня. У 2023 годзе рэшткі сядзібы спрабавалі прадаць на аўкцыёне за $510 тысяч у эквіваленце.
Але вернемся да перфармансу. Над ім працавала вялікая каманда: відэограф, фатограф, дызайнер, пастаноўшчык святла, пастаноўшчык рухаў, мадэлі, памочнікі. Давялося арганізаваць паўнавартасны здымачны лагер: прывезці святло, кабелі, генератары, прадумаць лагістыку, каб мадэлі не замерзлі і маглі прафесійна працаваць у кадры.
Як распавёў Ягор, асаблівую атмасферу і сувязь з роднай зямлёй падкрэслілі музыкай: галоўным саўндтрэкам праекта стаў «Палянэз Агінскага» ў выкананні ансамбля «Песняры».