У Грэцыі штрафы для «зайцаў» павялічылі да 100 еўра
- 31.05.2026, 4:52
Да ведама турыстам.
Штраф у памеры 100 еўра адныне будзе спаганяцца з пасажыраў без дзейнага квітка ў грамадскім транспарце Афін і Салонік, у адпаведнасці з новым законам, які ўступіў у сілу 30 мая 2026 года.
Да гэтага часу штраф складаў 72 еўра. Для пасажыраў, што маюць права на ільготны тарыф, штраф вырасце з 30 да 50 еўра.
Мэта такога значнага павышэння — барацьба з праездам без квітка.
Магчымасць заплаціць палову штрафу, гэта значыць 50 еўра, атрымаюць тыя, хто на працягу дзесяці дзён аформіць картку на неабмежаваную колькасць паездак тэрмінам не менш як на 30 дзён.
Апошнім часам праверкі квіткоў пачасціліся, перш за ўсё ў месцах з вялікім пасажырапатокам і на маршрутах, якімі актыўна карыстаюцца турысты.
Базавы адзіны квіток на грамадскі транспарт Афін каштуе 1,20 еўра (0,50 еўра для ільготнікаў) і дзейнічае 90 хвілін, цягам якіх дазволена неабмежаваная колькасць перасадак.
У Салоніках базавы адзіны квіток (метро і гарадскія аўтобусы) каштуе 0,60 еўра за звычайную паездку і 0,30 еўра па ільготным тарыфе.