Продажы антыдэпрэсантаў у Расіі устанавілі трохгадовы рэкорд
- 6.05.2026, 9:16
Псіхічных засмучэнняў у РФ становіцца ўсё больш.
У Расіі трэці год запар фіксуюць рэкорды па продажах антыдэпрэсантаў. Паводле даных аналітычнай кампаніі AlphaRM, якія прыводзіць Forbes, за гэты час аб'ём рэалізацыі антыдэпрэсантаў у грашовым эквіваленце павялічыўся больш чым удвая. Таксама на траціну выраслі продажы анксіёлітыкаў (ранейшая назва — транквілізатары) і псіхастымулятараў — прыкладна на 20%.
Калі параўноўваць паказчыкі 2025 года з 2022-м, то антыдэпрэсантаў прадалі на 41% больш, анксіёлітыкаў — на 12%. У першым квартале 2026 года, як паведамляе РБК са спасылкай на даныя RNC Pharma, аптэкі рэалізавалі 6,4 млн упакоўак антыдэпрэсантаў на суму 5,8 млрд рублёў. Гэта на 22% больш у ўпакоўках і на 34% — у грашовым выражэнні адносна аналагічнага перыяду мінулага года. У AlphaRM падкрэсліваюць: большасць лідараў попыту (уключаючы дзесяць самых папулярных пазіцый) адпускаюцца выключна па рэцэпце.
У студзені аналітычная кампанія DSM Group падвяла вынікі 2025 года: 22,3 млн упакоўак антыдэпрэсантаў на 20,5 млрд рублёў. Рост да ўзроўню 2024-га — 24% у натуральным выражэнні і 36% у грашовым выражэнні. Як адзначае РБК, такіх тэмпаў не назіралася з 2022 года.
«Коммерсантъ» са спасылкай на DSM Group пісаў, што рэзкі ўсплёск цікавасці да гэтай катэгорыі лекаў адбыўся адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну — тады продажы падскочылі ў 4,4 раза. Псіхіятр Віктар Лебедзеў у размове з The Moscow Times патлумачыў: гаворка ідзе не толькі пра дэпрэсію, але і пра рост колькасці трывожных і адаптацыйных засмучэнняў.
Генеральны дырэктар «INFOLine-Аналитики» Міхаіл Бурмістраў звязвае дынаміку з двума хвалямі трывожнасці. Першая прыпала на 2022 год і была выклікана пачаткам вайны і абвяшчэннем мабілізацыі. Другая — на 2025 год: перажыванні з-за праблем на рынку працы.
Лекар-псіхіятр, нарколаг і псіхатэрапеўт клінікі Rehab Family Сяргей Кузняцоў адзначае: не менш за 25–30% жыхароў краіны цяпер маюць тую ці іншую форму трывожнага засмучэння, і тэндэнцыя да росту захоўваецца. Паводле яго слоў, пацыенты ўсё часцей скардзяцца на трывогу, парушэнні сну, кашмары, панічныя атакі, зніжэнне лібіда і дэпрэсіўныя станы.