Расіяне пачалі піць больш гарэлкі пасля павышэння цэн на алкаголь
9- 7.05.2026, 15:35
У РФ гэта называюць «рэжымам эканоміі».
З-за падаражання алкаголю расіяне пачалі пераходзіць на больш танныя мацныя спіртныя напоі — перадусім на гарэлку, піша «Коммерсантъ» У красавіку яе рознічныя продажы павялічыліся амаль на 3%, да 5,97 млн дэкалітраў (дал), вынікае з даных Расалкагольтабаккантролю (РАТК). Таксама рост прадэманстравалі лікёра-гарэлачныя вырабы (+14%, да 1,59 млн дал) і каньяк (+2%, да 1,01 млн дал). За студзень–красавік расіяне купілі 38,33 млн дал мацных спіртных напояў — на 3,6% больш год да года. Гэта больш за палову ад сукупных продажаў алкаголю, якія дасягнулі 64 млн дал без уліку піва, сідру, пуары і медавухі.
Дырэктар Stellar Group Аляксандр Грэўцоў адзначае, што расіяне сталі часцей выбіраць гарэлку з-за рэзкага падаражання алкаголю пасля павышэння мінімальных рознічных цэн (МРЦ) з пачатку 2026 года. Так, МРЦ на бутэльку брэндзі аб'ёмам 0,5 літра паднялі адразу на 28%, да 605 рублёў, а каньяку і віскі — на 16%, да 755 рублёў. Паводле слоў прэзідэнта гільдыі «Алкопро» Андрэя Маскоўскага, хоць МРЦ на гарэлку таксама павялічылася на 17%, да 409 рублёў за паўлітра, яна ўсё яшчэ каштуе танней за астатнія мацныя напоі, таму спажыўцы пераключаюцца менавіта на яе. Кіраўнік Цэнтра распрацоўкі нацыянальнай алкагольнай палітыкі Павал Шапкін дадае, што расіяне робяць выбар на карысць гарэлкі праз пераход у рэжым эканоміі.
Паводле даных РАТК, продажы ціхага віна за першыя чатыры месяцы года знізіліся амаль на 2%, да 17,17 млн дал, а пладовай алкагольнай прадукцыі — адразу на 39,4%, да 613,3 тыс. дал. Вытворчасць алкаголю ў Расіі таксама скарачаецца. Выпуск спіртнай прадукцыі без уліку піва, сідру і медавухі ўпаў на 7,2%, да 43,2 млн дал. Удзельнікі рынку тлумачаць гэта недахопам сродкаў у вытворцаў для набыцця сыравіны і фінансавымі праблемамі рэгіянальных заводаў.