26 гадоў таму быў выкрадзены Юрый Захаранка
12- 7.05.2026, 15:29
- 1,674
Экс-міністр унутраных спраў Беларусі знік па дарозе дадому ў Мінску.
Адзін з лідараў апазіцыі знік па дарозе дадому, у раёне вуліцы Магілёўскай у Мінску. На той момант яму было 47 гадоў, піша тэлеграм-канал «Баста!».
Юрый Захаранка пачынаў сваю кар’еру следчым, узначальваў следчы аддзел, да 1991 года быў начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. Потым — начальнікам Следчага ўпраўлення, а пасля ўзначальваў Следчы камітэт МУС Беларусі.
Пасля абрання Лукашэнкі Захаранку прызначылі на пасаду міністра ўнутраных спраў. У адным з інтэрв’ю Захаранка ўзгадаў размову з кіраўніком Савета бяспекі Віктарам Шэйманам, які настойваў, што міністр павінен «выканаць любы загад прэзідэнта».
«Людзей я расстрэльваць не буду, Канстытуцыю парушаць не буду», — тады адказаў кіраўнік сілавога ведамства. У кастрычніку 1995-га Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку, а пазней былы міністр быў паніжаны ў званні да палкоўніка міліцыі і звольнены з МУС.
Неўзабаве пасля гэтага Юрый Захаранка перайшоў на бок апазіцыі. 7 мая 1999 года ён патэлефанаваў дадому, сказаў жонцы: «Хутка прыйду, грэй вячэру», але дамоў так і не вярнуўся.
На фота — вулічныя акцыі руху «Зубр», які першым пачаў патрабаваць расследавання забойстваў лідараў беларускай апазіцыі і пакарання датычных да гэтага людзей з асяроддзя Лукашэнкі.