Рубіо: Перамовы паміж Расіяй і Украінай зайшлі ў тупік
8- 8.05.2026, 18:28
- 1,922
Вашынгтон больш не хоча траціць рэсурсы на працэс без прагрэсу.
Дзяржсакратар ЗША Марк Рубіо заявіў, што амерыканскія спробы выступіць пасярэднікам у перамовах паміж Расіяй і Украінай фактычна зайшлі ў тупік, піша The Moscow Times.
Па словах Марка Рубіо, Вашынгтон спрабаваў дапамагчы бакам дасягнуць мірнага пагаднення, але пакуль гэта не прынесла выніку.
«Мы спрабавалі адыгрываць ролю пасярэдніка, але пакуль гэта не прывяло да плённага выніку па шэрагу прычын. Мы ўсё яшчэ гатовыя адыгрываць гэтую ролю, калі яна можа быць выніковай», — сказаў дзяржсакратар ЗША.
Ён адзначыў, што ЗША не хочуць траціць час і рэсурсы на працэс, які не вядзе да прагрэсу. Пры гэтым ён дадаў, што амерыканскі бок гатовы вярнуцца да актыўнага пасярэдніцтва, калі сітуацыя зменіцца.
Раней ЗША, каб дасягнуць выніку, прапаноўвалі Расіі шырокія саступкі — у тым ліку размовы пра змякчэнне санкцый, эканамічнае супрацоўніцтва і нават магчымасць прызнання Крыму. Аднак Уладзімір Пуцін не пагадзіўся на кампраміс па тэрытарыяльных пытаннях і працягвае патрабаваць перадаць яму без бою поўны кантроль над Данбасам.
Нягледзячы на кантакты паміж прадстаўнікамі ЗША і Крэмлём, а таксама некалькі сустрэч паміж расійскімі і ўкраінскімі бакамі, дабіцца мірнага пагаднення не ўдалося.
Раней крыніцы выдання Bloomberg паведамлялі, што ў Крамлі разглядаюць магчымасць працягваць вайну яшчэ як мінімум год або два і рыхтуюць новае наступленне.
Што да ЗША, то яны хацелі дасягнуць дамоўленасці па Украіне яшчэ да вясны, каб затым вынесці яе на рэферэндум ва Украіне і арганізаваць выбары, як таго патрабавала Расія. Амерыканскі бок таксама быў зацікаўлены ў хуткім прагрэсе гэтых перамоваў на фоне ўнутранай палітычнай сітуацыі ў ЗША і прадстаячых выбараў у Кангрэс. Аднак завышаныя патрабаванні Пуціна і адмова Украіны іх прыняць зрабілі гэтыя планы невыканальнымі.